Аб навінках Белтэлерадыёкампаніі у будучым тэлесезоне

1 октября 2018

Белтэлерадыёкампанія сёння адзначае новы вяшчальны год. Гэта, мабыць, самы сур'ёзны і маштабны пачатак тэлесезона. Новыя праекты, праграмы, напаўненне, кантэнт.

Сённяшні вялікі, значны і знамянальны дзень стартаваў з прамога эфіру самага народнага шоу "Добрай раніцы, Беларусь!". У студыі "600" аўтары, рэжысёры, вядучыя, прадзюсары і кіраўнікі каналаў падзяліліся першымі кадрамі, анонсамі і кулуарнымі гісторыямі са здымак праектаў.

Святлана Бароўская, вядучая Белтэлерадыёкампаніі: "Мы ніколі не бачым адзін аднаго, усе занятыя сваёй справай, ніхто не сустракаецца і гарбату за круглым сталом не п'е. А сёння быў круглы стол аднадумцаў. Нас так шмат, і мы прафесіяналы, і мы вельмі розныя, розныя праграмы, розныя праекты".

Дзяніс Дудзінскі, вядучы Белтэлерадыёкампаніі: "Часта ездзім кудысьці, краіны, кантыненты, а забываем, што ў нас тут таксама ёсць што паглядзець, ёсць што паказаць. Дзякуй хлопцам, дзяўчатам, якія робяць, ствараюць гэтыя праграмы і паказваюць, што ў нас ёсць героі, што мы таксама прыгожыя, мы разумныя, мы цікавыя, у нас ёсць што паглядзець і паказаць".

У стагоддзе сучасных тэхналогій тэлебачанне становіцца гібрыдным, калі не толькі глядзець, але і ствараць крэатыўны кантэнт можна пры дапамозе смартфонаў або мноства розных гаджэтаў. Галоўны медыяхолдынг краіны ўсё больш актыўна ўкараняе гэтыя тэндэнцыі ў традыцыйную школу вяшчання. Белтэлерадыёкампанія першай у краіне сярод канкурэнтаў запусціла мабільны дадатак. І ў новым тэлесезоне гэта не адзіная распрацоўка для ўдасканалення кантэнту.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Мы знаходзімся на пастаяннай сувязі з Германіяй, дзе збіраюцца нашы доўгачаканыя пакупкі. Мы набываем 4 перасовачныя тэлевізійныя станцыі, адна з іх ужо практычна ў стадыі гатоўнасці. Нас запрашаюць паглядзець на іх і ў найбліжэйшы час, ужо да вясны, мы атрымаем усе ПТС. Гэта істотна ўзбагаціць, я лічу, наш эфір. Гэта тычыцца і культурных, і спартыўных, і палітычных мерапрыемстваў".

Першымі ў краіне мы запускаем і незалежны канал у Сусветнай павуціне - "Беларусь 5. Інтэрнэт". Напаўненне новай кнопкі - гэта праграмы і трансляцыі галоўных падзей у спорце, якія не змяшчаюцца ў эфірнай сетцы традыцыйнай "пяцёркі".

Павел Булацкі, дырэктар дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5" Белтэлерадыёкампаніі: "Мы накіроўваемся ў бок жаночай аўдыторыі і будзем паказваць ЧС па фігурным катанні, ЧЕ па фігурным катанні. Гэта праект, які пройдзе ў Мінску. Шмат цікавага, ні адно выступленне беларусаў не застанецца без нашай увагі".

Такім чынам, новы сезон будзе насычаным на тэлепрэм'еры. "Беларусь 1" прапануе відэаэнцыклапедыю "Мая Беларусь". Верне гледачоў у тэлеклас "Я ведаю!". У распрацоўцы і тэлевіктарына для дарослых "Навылет". На "Беларусь 2" вас чакае цэлая серыя рэаліці-шоу аб адносінах у пары і сям'і. Канал "Беларусь 3" пакажа гістарычныя "Артэфакты". Дакажа, што "Класіка - гэта класна!" і правядзе ў сховішча Нацыянальнага мастацкага музея. Дзясятак дэбютных спецпраектаў прэзентуе і Агенцтва тэленавін.