У Гродне распачалася маштабная падрыхтоўка да “Ночы музеяў”

14 мая 2016

Падчас міжнароднай акцыі прынёманскія экспазіцыйныя залы аб’яднаюцца пад лозунгам "Бюро сюррэалістычных паслуг". Падрыхтоўка да тэматычнай ночы ідзе поўным ходам. Напярэдадні ў абласным цэнтры пачалі дзейнічаць некалькі выстаў. Адна з іх атрымала нетрывіяльную назву "Пяро з выбітым зубам".

Жывапіс, графіка, скульптура. Усе працы аб’ядноўвае сюррэалістычны позірк на жыццё. Гэта часам абсурднае і непрадказальнае спалучэнне праўды і алюзіі, розуму і парадоксу. Калі кветкі вырастаюць з яблыкаў, моцныя рукі трымаюць карабель, а на палях растуць расліны-людзі. 20 работ, сабраныя на выставе, у асноўным выкананы гродзенскімі мастакамі.

Дарэчы, "Пяро з выбітым зубам" стала своеасаблівай выставай-прэамбулай да маштабнай міжнароднай акцыі, прымеркаванай да Дня музеяў. На наступным тыдні ў гродзенскіх каралеўскіх палацах прыхільнікаў сюррэалізму чакае грандыёзнае шоу.