У Гродзенскім рэгіёне аднавілі тэхніку двайнога ткацтва

19 мая 2018

У Гродзенскім рэгіёне аднавілі страчаную на пачатку мінулага стагоддзя тэхніку двайнога ткацтва. Вялікую пошукавую працу правялі супрацоўнікі краязнаўчага музея ў Мастоўскім раёне, у выніку сёння тут ткуць унікальныя дываны, узоры якіх нагадваюць габелены. Больш за тое, атрыманыя веды навукоўцы перадаюць маладому пакаленню. Пра сувязь пакаленняў - Юрый Карняловіч.

Ідэя аднавіць двайное ткацтва ў Гудзевіцкім краязнаўчым музеі ўзнікла яшчэ на пачатку двухтысячных гадоў. У той час у экспазіцыю трапіў унікальны дыван 1898 года. Менавіта такія рэчы былі папулярнымі ў мясцовых жыхароў яшчэ ў 18-м стагоддзі. Выраблялі іх выключна на Гродзеншчыне. Тэхналогія лічылася даволі складанай, таму дазволіць сабе двайны дыван маглі толькі заможныя беларусы.

Галоўнай перашкодай для аднаўлення двайнога ткацтва стала адсутнасць майстрых, якія б валодалі такой тэхнікай. Пасля доўгіх пошукаў удалося знайсці жанчыну ў суседнім Гродзенскім раёне, якая ведала сакрэт унікальнай тэхналогіі. Аднак адсутнічалі адпаведныя ткацкія станкі, на якіх можна было б працаваць. Вырашыць гэтую задачу ўзяліся мясцовыя краязнаўцы, якія арганізавалі сапраўдную пошукавую экспедыцыю.

Адраджаць тэхніку двайнога ткацтва было вырашана менавіта на аўтэнтычных станках. Падчас навуковых экспедыцый супрацоўнікі музея праехалі практычна ўвесь Мастоўскі раён. У выніку чаго была сабраная ўнікальная калекцыя ткацкіх станкоў, узрост якіх больш за 100 гадоў.

Так, па крупінках, удалося не толькі ўзнавіць двайное ткацтва, але і ўнесці свой гудзевіцкі каларыт. З кожнага боку мясцовы дыван мае свой колер. Пры гэтым узор застаецца аднолькавым і не заўсёды мае строгія геаметрычныя формы. У такой тэхніцы, запэўніваюць супрацоўнікі музея, можна саткаць нават карціну ці габелен.

Сёння ў калекцыі музея ўжо некалькі дзясяткаў дываноў, сатканых па старажытнай тэхналогіі. Аднак проста на аднаўленні тэхнікі двайнога ткацтва тут не спыніліся. Атрыманыя веды вырашана было перадаць маладому пакаленню. Таму для мясцовых школьнікаў арганізавалі адмысловыя гурткі.

На заняткі прыходзяць школьнікі самых розных узростаў. Вучні малодшых класаў пачынаюць з самых азоў ткацтва. Робяць закладкі і стужкі. А вось шасцікласніца Ксенія Гаспаровіч ужо асвойвае сапраўдныя кросны.

Практычныя заняткі з маленькімі майстрыхамі супрацоўнікі музея падмацоўваюць тэарэтычнымі ведамі. Дзетак знаёмяць з гісторыяй ткацтва, расказваюць пра старажытныя прылады працы, якія дапамагалі вырошчваць лён і перапрацоўваць яго ў ніткі.

Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў гудзевіцкага музея практычна страчаная тэхніка двайнога ткацтва была не толькі адноўлена, але і ўвайшла ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.