У Горках вучоныя сельскагаспадарчай акадэміі распрацоўваюць незвычайную карту мясцовасці

13 мая 2017

Усе зямельныя ўчасткі атрымаюць свой статус, дзе будзе адзначана якасць глебы, а галоўнае – рэкамендацыі, што на ёй можна вырошчваць, каб атрымаць добры ўраджай і на карысць здароўю. Пілотны праект закране Горкі. Аднак яго аўтары ўпэўненыя: ён зацікавіць усю краіну.

Андрэй Ястрабаў наведаў лабараторыі акадэміі і даведаўся - гэта не адзінае, чым вучоныя гатовыя здзівіць. Тамара Мыслыва аднойчы прыехала ў Горацкую акадэмію з Украіны па абмене вопытам. Настолькі была ўражаная ўзроўнем адукацыі і навучальнай базай, што праз пэўны час вярнулася ў Беларусь. Убачыла, гаворыць, велізарныя магчымасці для сваёй кар’еры і навуковай дзейнасці. І адразу ж выступіла ініцыятарам пілотнага для Беларусі праекта – стварэння карты зямельных участкаў, дзе дачнікі вырошчваюць тысячы тон гародніны.

Вучоныя акадэміі разам са студэнтамі даследуюць і расліны, і глебу, і ваду. І нават іх уплыў на здароўе чалавека. Усю сабраную інфармацыю занясуць на камп’ютарную карту з рэкамендацыямі. Што вырошчваць на прысядзібных участках - таксама гатовыя параіць.

Селекцыянеры распрацавалі больш за 20 новых, адаптаваных да нашай глебы сартоў таматаў і салодкага перца. Не сакрэт, што заморскія - з Польшчы альбо Галандыі - не заўсёды вырастаюць такія, як на малюнку ўпакоўкі. Набылі фасовачнае абсталяванне і запусцілі ў вытворчасць сваё насенне. Маўляў, у дадатак да карты.

Па сакрэце - узяліся “акадэмікі” і за Чырвоную кнігу. Вырошчваюць амаль знішчаныя расліны. Памнажаюць іх і вяртаюць у звычайнае асяроддзе.

Вучоныя ўпэўненыя: іх распрацоўкі абавязкова зацікавяць жыхароў сельскіх раёнаў, якія разлічваюць на добры ўраджай. У прамысловых маштабах гэта ж атрымалася! Напрыклад - азімы рапс, які зараз так прыгожа цвіце, сеюць менавіта толькі там, дзе глеба прыгодная для гэтага. Цяпер дае максімальны па рэгіёне ўраджай - звыш 40 цэнтнераў з гектара насычанага бялком корму. Самы час і свае прысядзібныя ўчасткі ўзняць на новы ўзровень.