У Горках распрацоўваюць тэхналогію вырошчвання аўстралійскага рака

30 января 2016

У Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках распрацоўваюць тэхналогію вырошчвання аўстралійскага рака. Пакуль у навуковых мэтах. Але спецыялісты спадзяюцца: праз некалькі гадоў вырошчванне ракаў выйдзе на прамысловы ўзровень.

Як экзоты апынуліся ў беларускіх Горках і навошта іх разводзіць – задаўся пытаннем Юрый Пракапенка. На кафедру іхтыялогіі і рыбагадоўлі сельгасакадэміі паўгода таму прывезлі некалькі дзясяткаў асобін аўстралійскага рака з Астрахані і Тайланда. Цяпер навукоўцы вывучаюць асаблівасці іх развядзення. Адначасова рыхтуюць студэнтаў для працы на будучай вытворчасці.

Аўстралійскага рака даволі часта блытаюць з блакітным. Аднак яго колер можа быць як блакітным, так і ружовым, і зялёным. Асноўная перавага аўстралійскага рака над яго мясцовым суродзічам у тым, што іншаземец хутчэй дае прыбаўленне ў вазе: за год - да 70 грамаў. Звычайнаму раку для гэтага патрэбныя амаль 5 гадоў.

У Аўстраліі рак жыве ў натуральным асяроддзі. Ён цеплалюбівы. Аптымальная тэмпература вады – ад плюс 18 да плюс 34 градусаў. Таму ракаў трэба ўтрымліваць ва ўстаноўках з замкнутым водазабеспячэннем.

Працэс няхуткі. Паводле папярэдніх падлікаў, да вялікай вытворчасці яшчэ гадоў пяць. Рак – гэта далікатэс, які каштуе немалых грошай. Напрыклад, цана за кілаграм мяса вузкапалага рака на сусветным рынку ў сярэднім 25 долараў. Таму ў перспектыве, кажуць спецыялісты, можна думаць пра рэалізацыю гэтай беспазваночнай жывёлы не толькі ў краіне, але і за мяжой.