У Гомелі адкрылі першы ў Беларусі інтэрактыўны прыпыначны павільён

17 сентября 2016

Унікальны для нашай краіны сацыяльны праект закліканы зрабіць жыццё гараджан больш камфортным, павысіць бяспеку і інфармаванасць.

Пра незвычайныя гомельскія прыпынкі - Настасся Кучынская. Гэты прыпыначны павільён - узорны. Памер абраны, зыходзячы з пасажырапатоку. Даўжыня — 8 метраў, шырыня два з паловай. Спецыяльнае абсталяванне дапамагае выбраць аптымальны маршрут руху, зрабіць плацяжы і нават падключыцца да Інтэрнэта.

Павільён абсталяваны сістэмай відэаназірання і аудыёапавяшчэння, зручнай лаўкай з падагрэвам. Ёсць святлодыёдны бягучы радок і сістэма для экстраннай сувязі. Дзякуючы сонечным батарэям аб’ект самастойна вырабляе электраэнергію. Гэта робіць яго поўнасцю аўтаномным і экалагічным.

У інтэрактыўным прыпынку ўсталяваны тры маніторы ў антывандальным выкананні. Першы мае сэнсарны экран і дазваляе вызначыць аптымальны маршрут. Другі выводзіць інфармацыю аб часе набліжэння грамадскага транспарту. Трэці прызначаны для трансляцыі рэкламных ролікаў.

Усталёўваць на прыпынках святлодыёдныя экраны распачалі ў Гомелі сёлета. У рэжыме анлайн яны паказваюць час, надвор'е і расклад руху грамадскага транспарту. У цэлым у горадзе каля 400 пунктаў прыпынку. Новыя ставяць пры рэканструкцыі аўтадарог. Сёлета ў Гомельскай вобласці зрабілі бягучы рамонт больш як пяцісот квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Самы маштабны праект - рэканструкцыя трасы М5 на ўчастку ад Жлобіна да мяжы Магілёўскай вобласці.

У планах - маштабная рэканструкцыя вуліцы Інтэрнацыянальнай ў Гомелі з будаўніцтвам падземнага пераходу і рэканструкцыя трасы М10 мяжа Расійскай Федэрацыі - Гомель - Кобрын.