У Беларусі адзначылі Міжнародны дзень абароны дзяцей

3 июня 2017

Дабрачыннымі акцыямі, флэшмобамі, дзіцячымі фестывалямі і конкурсамі ў Беларусі адзначылі Міжнародны дзень абароны дзяцей. У нашай краіне іх пражывае больш за паўтара мільёна. А толькі летась з'явіліся на свет амаль 120 тысяч малых. Клопат пра іх - задача не толькі дзяржавы, але і кожнага дарослага беларуса. Асаблівую ўвагу надаюць дзецям-сіротам. Дарэчы, больш за 80 % з іх выхоўваюцца ў сем'ях.

Падарунак, які вырашыць дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках, атрымалі жыхары Веткі. Абноўленую дашкольную ўстанову - гэта амаль тысяча квадратных метраў, цалкам укамплектаваныя музычны і фізкультурны залы, утульныя спальні і гульнявыя пакоі. Таксама абсталяваны кабінет псіхолага і настаўнікі-лагапеда. Акрамя таго, абноўлены дзіцячы сад абсталяваны сістэмай відэаназірання. Мадэрнізацыю правялі літаральна за некалькі месяцаў. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту было выдзелена амаль паўтара мільёна рублёў. Зараз сюды будуць хадзіць больш за 60 дзяцей ва ўзросце ад 2-х да 6-ці гадоў. У гонар адкрыцця кіраўніцтва і выхаванцы дзіцячага сада атрымалі падарункі - сертыфікаты на набыццё спартыўнага і гульнёвага інвентара і бытавую тэхніку.

Яшчэ адзін падарунак атрымалі і жыхары Гомеля. Гэта новае педыятрычнае аддзяленне філіяла Цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі. Зараз тут будуць абслугоўваць 8 участкаў, якія налічваюць больш за 7 тысяч дзяцей. Запісацца на прыём у новым аддзяленні можна будзе і з дапамогай інтэрнэт-рэгістратуры, у найбліжэйшых планах - падключэнне да сістэмы электроннага рэцэпта.