Зменлівая зіма можа нашкодзіць будучаму ўраджаю

11 Лютага 2015

Аграрыі цэнтральнага рэгіёна манітораць стан палёў, засеяных азімымі культурамі. Праблема ў тым, што зерне ў глебе падмерзла яшчэ падчас халоднага восеньскага надвор’я. А зараз на палях з-за адлігі утварыўся слой лёду, які не дазваляе раслінам развівацца.

У тэме разбіралася Наталля Кезік.

Галоўны аграном гаспадаркі Баляслаў Галась гатовы да любой сітуацыі на полі – ў гэтай прафесіі ён ўжо 15 гадоў. Але сёлета на палях з азімымі сітуацыя асаблівая, пакуль складана рабіць прагнозы – дакладна невядома, якія сюрпрызы падрыхтавала надвор’е. Зараз менавіта ад умоў надвор'я залежыць будучы ўраджай.

Падобная сітуацыя, успамінаюць аграрыі, была ў вобласці ў пазамінулым годзе. Толькі ў гэтай гаспадарцы той вясной перасявалі амаль палову ўсіх плошчаў. З-за даволі мяккай зімы, калі частыя веснавыя адлігі чаргуюцца з маразамі, расліны не могуць поўнасцю ўпасці ў спячку, каб толькі па вясне распачаць актыўна перыяд вегетацыі.

Ураджай пры такім надвор’і не залежыць ад сорту зерневых. Сёлета на палях утварылася шмат так званых сподкаў – гэта нізінныя месцы, дзе з’явіўся слой лёду. Пад ім ураджай любога сорту проста загіне.

Вясной хутчэй за ўсё аграрыі будуць падсяваць азімыя. Дасеяць немагчыма будзе толькі рапс. Замест яго можна пасадзіць гарох, кукурузу, рэдзьку і гарчыцу.

Аграрыі паспелі ўжо падрыхтавацца і да вясны. Калі сыдзе першы снег, стане зразумела, што будзе з будучым ураджаем – падсяваць альбо перасяваць. Таму ў амбарах ужо нарыхтавалі насенне і неабходную колькасць угнаенняў.

Калі вясной азімым спатрэбіцца дапамога, каб выправіць і падтрымаць ураджай, ў аграрыяў будзе ўсяго некалькі дзён. Таму механізатары ўжо ўзяліся за рамонт тэхнікі – наладжваюць работу трактароў і сеялак.