У Беларусі старажытныя традыцыі продкаў ізноў становяцца папулярнымі

14 января 2017

Каляда ідзе! У Беларусі старажытныя традыцыі продкаў ізноў становяцца папулярнымі. Віфлеемская зорка, сакральныя песні-калядкі і самы, мабыць, знакаміты сімвал каляднага тыдня – каза. Усе гэтыя атрыбуты зімовых свят нашы карэспандэнты сустрэлі на звычайных вуліцах і нават не вытрымалі – далучыліся да карагодаў. Як калядуюць у Беларусі і чым адрозніваюцца абрады ў розных рэгіёнах краіны? Дзмітрый Смірноў  ведае,   навошта пасыпаць гаспадыню і яе хату збожжам і, самае цікавае, што калядоўшчыкам кладуць у кошык гаспадары. 

“Сама Каляда ідзе, казу вядзе, шчасце i радасць нясе!” Словы са святочнай песні тут, у Гродзенскім раёне, не забыліся і ў ХХІ стагоддзі. Каляда па беларускіх вёсках і нават гарадах шумна ходзіць ужо з 7 студзеня. Але ж у некаторых раёнах свята расцягнулі ў часе. А чаму не, калі зімовая казка ўсім да спадобы.

Спяваюць тут, у Жытомлі, і сапраўды шмат. Песні падчас Каляды гучаць паўсюль: на вуліцы, у хаце, за сталом. Музыка і калядкі, як кажуць мясцовыя жыхары, у гэтыя два тыдні аб’ядноўваюць зямлю і неба.

Але ж не толькі спевы. Абавязковымі атрыбутамі гэтых студзеньскіх свят ужо колькі стагоддзяў застаюцца віфлеемская зорка і каза. І калі з метафарай нябеснага аб’екта ўсё зразумела – гэта сімвал Божага Нараджэння, то вось каза - вобраз супярэчлівы. Тут, калі пашукаць, знойдзецца і трохі язычніцкіх каранёў. Адно тое, што падняць з непрытомнасці рагатую можа толькі моцны квас, вымушае перагледзець біялагічныя веды.

Каза – дарэчы, у большасці чорная, - як і распаўсюджаны ў Гродзенскай вобласці збожжавы абрад – спадчына, што перадавалі пакаленні продкаў беларусаў.

Гледзячы на тое, як папаўняўся кошык калядоўшчыкаў ад хаты да хаты, мы зразумелі: гаспадарам засяванне збожжам сапраўды дапамагае. Дарэчы, муж з жонкай з першай хаты зачынілі дзверы і далучыліся да казы і яе калядоўшчыкаў.

Гэтую Каляду, здаецца, не стрымаць. У кожнай хаце – новыя песні і пажаданні для гаспадароў.

Як бачыце, такіх вясёлых гасцей з песнямі ды з казой проста нельга не пусціць у хату. Карагоды, можа, і досыць шумныя, але гаспадары старадаўні перфоманс вітаюць з радасцю і шчодра адорваюць. І так па ўсёй краіне. Але на Беларусі ёсць месца, дзе калядны абрад атрымаў статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.