Краіна пагружаецца ў атмасферу вялікага спартыўнага свята

22 июня 2019

ІІ Еўрапейскія гульні стартавалі! На гэтым тыдні краіна пагружаецца ў атмасферу вялікага спартыўнага свята. Напярэдадні ў сталіцы прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця турніру. Яскравае шоу ўбачылі тысячы гледачоў! А сёння з самай раніцы на спартыўныя арэны ўжо выйшлі атлеты з дзясяткаў краін. Між тым сочаць за яркімі перамогамі балельшчыкі не толькі на трыбунах, але і ў фан-зонах. Там ладзяць прамыя трансляцыі.

Спартыўныя рытмы сталіцы падхапіла Аляксандра Кавеліч. Звыш дзвюх тысяч кіламетраў - самая доўгая спартыўная дыстанцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў. Дзень за днём больш чым месяц “Полымя міру” запальвала сэрцы балельшчыкаў у розных гарадах.

І на гэтым тыдні, нарэшце, асвяціла сталіцу. Эстафету па сталічных праспектах падхоплівалі спартсмены, артысты і нават касманаўты.

Кожны крок факеланосцаў набліжаў полымя да галоўнай арэны ІІ Еўрапейскіх гульняў - стадыёна “Дынама”. Гледачамі грандыёзнага шоу адкрыцця, якое рыхтавалі на працягу года, сталі тысячы чалавек.

З кожнай гадзінай стужкі сацыяльных сетак напаўняюцца хэштэгамі «Мінск-2019». Сваімі ўражаннямі, у першую чаргу, дзеляцца галоўныя героі форуму – спартсмены. Многія ўжо сёння пачынаюць сваю гісторыю яскравых перамог.

Між тым балельшчыкі падтрымліваюць атлетаў не толькі на трыбунах. Адразу тры фан-зоны (побач з “Мінск-Арэнай” і “Чыжоўка-Арэнай”, а таксама самая маштабная ля Палаца спорту) падхопліваюць рытмы спартыўнага свята. Каб госці не прапусцілі ні хвіліны напружанай барацьбы за медалі, на кожнай ўстаноўлены некалькі экранаў высокай выразнасці.

Галоўная фан-зона – ля Палаца спорту – стала і мультыкультурнай пляцоўкай. Свой нацыянальны каларыт і, канешне, спартыўныя поспехі, прадэманструюць краіны-ўдзельніцы. Першым невыпадкова стаў Азербайджан – менавіта ён прымаў І Еўрапейскія гульні 4 гады таму. Сёння эстафету падхоплівае Вялікабрытанія.

Дарэчы, далучыцца да ІІ Еўрапейскіх гульняў могуць і жыхары рэгіёнаў. У кожным абласным цэнтры таксама працуюць яркія фан-зоны.