Спецыяльны цягнік “Экспрэс ААН - 70” зрабіў прыпынкі ў кожным з абласных цэнтраў Беларусі

31 октября 2015

Апошні кастрычніцкі тыдзень прайшоў у нашай краіне пад знакам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У першым пункце праекта - сталічным Лошыцкім парку - Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі ААН і замежныя дыпламаты пасадзілі сімвалічнае Дрэва міру і ўстойлівага развіцця. Ніцая вішня стала міжнацыянальным сімвалам 70-годдзя заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і заканчэння Другой сусветнай вайны.

У Гродне ключавым момантам стала падпісанне дэкларацыі паміж кіраўніцтвам рэгіёна і дэлегатамі місіі ААН. Дакумент падкрэслівае агульную зацікаўленасць і прыхільнасць да добрасуседства, устойлівага развіцця рэгіёнаў свету.

У Брэсце акцэнт быў зроблены на даступнасць адукацыі, у першую чаргу для людзей пенсіённага ўзросту і інвалідаў. Удзельнікі абмеркавалі дапамогу бежанцам, наведалі цэнтр часовага размяшчэння мігрантаў на тэрыторыі Брэсцкай пагранічнай групы.

Ліквідацыя наступстваў чарнобыльскай аварыі, стварэнне безбар'ернага асяроддзя, дапамога бежанцам і перасяленцам. Такія акцэнты праекта "Экспрэс ААН - 70" у Гомелі. Гомельскі рэгіён таксама далучыўся да Дэкларацыі прыхільнасці да мэт устойлівага развіцця.

Магілёў стаў першым горадам у Беларусі, дзе рэалізуюць праграму ААН па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых будынкаў. У адным з самых вялікіх мікрараёнаў горада - Спадарожніку - пачынаецца ўзвядзенне першага ў нашай краіне энергаэфектыўнага шматкватэрнага дома новага пакалення.

А Віцебск ператварыўся ў пляцоўку экалагічных праектаў. Асноўнымі тэмамі ток-шоу, семінараў, грамадскіх слуханняў сталі навакольнае асяроддзе і залежнасці змянення клімату ад энергаэфектыўнасці.