"Славянскі базар" у самым разгары

16 июля 2016

Летам усе дарогі вядуць у Віцебск. "Славянскі базар" у самым разгары. Горад майстроў, вулічны фестываль, лялечны квартал, спектаклі, кіно. І, вядома, сольныя канцэрты любімых выканаўцаў! Фестывальныя падзеі на любы густ. Пазыўныя "Славянскага базару" сёлета гучаць дваццаць пяты раз.

Якім атрымліваецца юбілейнае свята, ведае Артур Смалякоў. Мелодыі фестывалю ў Віцебску гучаць днём і ноччу. Артысты па ўсім горадзе, а мастакам адвялі пешаходную вуліцу. Ахвотнікаў прагуляцца тут шмат, калі пашанцуе, можна сустрэць знакамітасць.

Сёлета "Славянскі базар" стартаваў з шэсця гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Яны прайшлі да Летняга амфітэатра, каб упершыню падняць флаг юбілейнага форуму.

Адна з галоўных інтрыг фестывалю - імя ўладальніка спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі. Яго ніхто не ведаў да цырымоніі адкрыцця імянной зоркі. У прызначаны час ля амфітэатра сабралася велізарная колькасць журналістаў, артыстаў і сяброў фестывалю. Лаўрэата ўсе віталі авацыямі. Ім стаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Дваццаць пяты, юбілейны "Славянскі базар" пачаў пісаць сваю гісторыю з аншлага. Сяргей Лазараў сваю шоу-праграму прымеркаваў да дзесяцігоддзя сольнай кар’еры.

З нецярплівасцю віцебскі глядач чакаў конкурсу маладых выканаўцаў. Пра перамогу на віцебскай сцэне сёлета марыць 21 спявак. Аляксей Грос з Беларусі ў паўфінале пад нумарам 20. У паўфінале канкурсанты выконваюць нацыянальныя хіты. Ацэньваць нумары маладых і таленавітых - задача міжнароднага журы на чале з Валерыем Лявонцьевым.

Дзень Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары ў Віцебску" - даўняя традыцыя. Сёлета прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўзнагароджвалі лепшых літаратараў дзвюх краін, наведвалі дзіцячы дом і музей-сядзібу Рэпіна. Кожны год "Славянскі базар" збірае тысячы гасцей. Але самае цікавае яшчэ наперадзе.