Касавіца - адказная пара для вяскоўцаў

11 июня 2016

Ад таго, колькі і якіх кармоў атрымаецца нарыхтаваць, залежаць поспехі ў жывёлагадоўлі. Травы сёлета выраслі добрыя, і цяпер галоўная задача - своечасова нарыхтаваць якасныя кармы. Расказвае Павел Савіцкі. Мікалай Дарэчкін працуе на зямлі з аднолькавым імпэтам - і падчас сяўбы, і падчас касавіцы, і ўборкі хлеба. Зараз механізатар гаспадаркі «Радзіма» Бялыніцкага раёна ў поле выязджае на світанні і працуе дацямна. Першую сакавітую траву трэба паспець скасіць у тэрмін.

У гэтай гаспадарцы пад кармавыя культуры адвялі 1 800 гектараў. Скошаную траву кансервуюць рознымі метадамі - рулоны «абгортваюць» у стрэч-плёнку (так сакавітая маса не страчвае свае ўласцівасці), зялёны корм назапашваюць і традыцыйным спосабам - у сіласную траншэю.

Зялёнае жніво актыўна ідзе і ў аграгарадку Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна. Уся неабходная тэхніка задзейнічана на нарыхтоўцы кармоў. Пасля касілкі поле выглядае нібы выпрасаванае, а скошаная трава здрабняецца ў зялёную масу.

Дастатковы запас кармоў для любой гаспадаркі - своеасаблівая інвестыцыя ва ўласную эканоміку. Ад якасці і колькасці нарыхтаванага сенажу непасрэдна залежаць надоі і прыбаўкі ў вазе буйной рагатай жывёлы. У Белай Дуброве трэба забяспечыць кормам паўтары тысячы галоў, з іх больш чым траціна - дойны статак.

Канюшына, цімафееўка, а цяпер яшчэ і люцэрна. Пацяпленне клімату дазволіла гаспадаркам Магілёўскай вобласці перагледзець агратэхнічную карту. У Новай Дуброве сёлета засталіся задаволеныя ўраджайнасцю люцэрны - паспрыяла цёплае надвор'е і дастатковая вільготнасць. Дзякуючы збалансаванаму рацыёну плануюць палепшыць і якасць малака.

Усяго ж у Касцюковіцкім раёне трэба скасіць больш за 10 тысяч гектараў. Работа ідзе спорна, бо травы сёлета выраслі добрыя.

Аграрыі Магілёўскай вобласці плануюць нарыхтаваць крыху больш за мільёна тон кармоў.

Першы ўкос ужо завяршаецца. Падчас зялёнага жніва сельгаспрадпрыемствы рэгіёна апрацавалі амаль 220 тысяч гектараў палеткаў. Калі надвор'е і надалей будзе спрыяць, жывёлагадоўчая галіна атрымае неабходную колькасць кармоў. Найперш - багатых бялком бабова-злакавых сумесяў.