Сям'я з Гомельскай вобласці вырабляе сувенірныя шкатулкі ў тэхніцы дэкупаж

21 октября 2017

Стаміўшыся шукаць арыгінальны падарунак, яны арганізавалі свой бізнэс. Сям'я з Гомельскай вобласці вырабляе сувенірныя шкатулкі ў тэхніцы дэкупаж. І кажуць, уменню беларускіх рамеснікаў маглі б пазайздросціць майстры каралеўскіх дамоў мінулых стагоддзяў.

Вольга Халадовіч даведалася пра ўсе тонкасці ручной работы. Прыгожа састарыць звычайнае дрэва і зрабіць з яго эксклюзіўную рэч у вінтажным стылі. Гэтаму майстэрству Людміла Гурэвіч навучылася сама. У дапамогу ёй быў Інтэрнэт і ўласная фантазія. Першую шкатулку зрабіла для пляменніцы і не заўважыла, як хобі захапіла ўвесь вольны час.

Муж Вадзім пачынанні жонкі падтрымаў. Кажа, нават і не здагадваўся, як шмат у Людмілы схаваных талентаў. Цяпер ён першы памочнік - усе нарыхтоўкі для дэкупажу робіць сам. А затым фатаграфуе гатовыя вырабы - рэкламуе працу жонкі ў Інтэрнэце.

Акрылавыя фарбы, лак, пэндзлі, трафарэты і якасны электраінструмент. На стварэнне адной шкатулкі патрэбна ад трох да пяці дзён. Майстрыха эксперыментуе - падбірае розныя адценні і фактуры, каб надаць сваім вырабам прыгажосць і вытанчанасць 16-га стагоддзя. У арсенале Людмілы - імітацыя бронзы, медзі альбо золата, а таксама тэхніка пацініравання - стварэнне эфекту штучнага старэння прадмета.

Кожная шкатулка - у адзіным экзэмпляры. Майстрыха, нават калі атрымлівае падобны заказ, элементы дэкору не паўтарае. Хоць і ўлічвае ўсе пажаданні. Самыя папулярныя вырабы зараз - для ювелірных упрыгажэнняў.

Дызайн яна распрацоўвае да дробязяў, а перавагу аддае малюнкам мастакоў-класікаў. Кажа, за два гады захаплення дэкупажам, сталі з мужам сапраўднымі мастацтвазнаўцамі. Бо пасля таго, як знаходзіш адпаведную карціну ў Інтэрнэце, цікавай становіцца яе гісторыя. Напрыклад, карціна Канстанціна Макоўскага "Баярскі вясельны баль" знаходзіцца ў музеі Вашынгтона. А рэпрадукцыя ў тэхніцы дэкупаж – на шкатулцы Людмілы Гурэвіч.

Дарэчы, у планах у мужа і жонкі - пашырэнне асартыменту. Ужо ёсць заказы на календары, жаночыя столікі і іншыя прадметы інтэр'еру. Людміла зарэгістраваная рамеснікам. А зараз – дзякуючы новаму ўказу Прэзідэнта - у яе з'явілася магчымасць рэкламаваць свой тавар у Інтэрнэце і прадаваць яго за мяжу.