Самыя цікавыя падзеі Гомельскай вобласці

11 февраля 2017

Незвычайныя артэфакты і знаходкі. А таксама чаму гомельскія бізнесмены будуць вучыць гамяльчан, як беларусы пакарылі Монтэ-Карла. Самыя цікавыя падзеі Гомельскай вобласці, а таксама ўражанні ад іх у рэпартажы Вольгі Халадовіч.

Успаміны аб гомельскім парку Эміля Лазэ, унікальны альбом фатаграфій «Homel 1911», «Руска-нямецкі размоўнік для байца» - новыя паступленні прэзентаваў наведвальнікам музей Гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў. Артэфакты, фатаграфіі, дакументы, прадметы побыту, творы сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў большасці былі перададзены музею ў дар.

Новыя экспанаты з’яўляюцца ў музеі і дзякуючы гомельскім мытнікам. На гэтым тыдні яны таксама дакрануліся да гісторыі. У рэйсавым аўтобусе Нікалаеў - Гомель знайшлі штык да нямецкага карабіна Маўзера. Старадаўні прадмет, які перавозіў грамадзянін Беларусі, не быў задэклараваны ва ўстаноўленым парадку. Экспертыза ўстанавіла, рарытэт узору канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Антон Мытнікаў, інспектар аддзела мытных расследаванняў Гомельскай мытні:

"У адпаведнасці з артыкулам 8 закона Рэспублікі Беларусь аб зброі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца абарот халоднай зброі і нажоў. Па дадзеным факце быў складзены пратакол па частцы 1 артыкула 5 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. На разгляд быў накіраваны ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля".

Як спраектаваць і запусціць уласны бізнес – у Гомелі адкрылася першая ў рэгіёне стартап-школа. Новы праект некамерцыйны. Яго мэта – дапамагчы гамяльчанам рэалізаваць іх крэатыўныя бізнес-ідэі. Як выбраць сярод іх найбольш перспектыўную, колькі сродкаў неабходна для старту, якім чынам праверыць надзейнасць партнёра - раскажуць вопытныя бізнесмены, эканамісты і супрацоўнікі падатковых інспекцый.

Іна Байкова, кіраўнік стартап-школы «Гомель»:

"Праца стартап-школы плануецца на працягу доўгага перыяду часу, але ў восеньска-вясновы перыяд мы плануем запускаць інтэнсіў, які будзе праходзіць у форме адукацыйных курсаў. Інтэнсіў прадугледжвае практычную рэалізацыю, а не проста праслухоўванне лекцый".

“Сярэбраны юніёр” і спецыяльны прыз сімпатый гледачоў. Юныя артысты цыркавой студыі “Арэна” вярнуліся на радзіму з конкурсу “Новае пакаленне” ў Монтэ-Карла. Дарэчы, яны першыя з беларусаў, хто трапіў на самы прэстыжны сусветны форум цыркавога мастацтва. Для перамогі артыстам давялося праехаць па канаце на роліках, прайсці з вялікай вагой на плячах, а затым пераадолець гэтую ж адлегласць з заплюшчанымі вачыма і нават на адным коле.

Зараз у юных артыстаў невялікі адпачынак, а потым зноў напружаныя рэпетыцыі. І амбіцыйныя планы – вярнуцца праз два гады ў Монтэ-Карла, але ўжо на спаборніцтвы сярод дарослых артыстаў.