Прафсаюзныя інспектары праводзяць праверку арганізацый Гродзенскай вобласці

8 декабря 2018

Камфортныя ўмовы працы як аснова паспяховага развіцця любога прадпрыемства. Прафсаюзныя інспектары праводзяць праверку арганізацый Гродзенскай вобласці на выкананне тэмпературнага рэжыму. На кантролі спецыялістаў як вытворчыя памяшканні, так і пакоі прыёму ежы, а таксама адміністрацыйныя будынкі. Як нізкія тэмпературы адбіваюцца на працаздольнасці работнікаў, высвятляў Юрый Карняловіч.

Да надыходам халадоў у майстэрні СВК “Свіслач” падрыхтаваліся загадзя. Замянілі вокны на шклопакеты, уцяплілі гаражныя вароты і дзверы. Цяпер нават у моцныя маразы механізатары працуюць без верхняга адзення. А ў дапаможных памяшканнях тэмпература ўвогуле не апускаецца ніжэй за 18 градусаў.

Словы работнікаў знаходзяць пацвярджэнне і падчас спецыяльнага рэйду прафсаюзных інспектараў. Замеры тэмпературы спецыялісты праводзяць цалкам ва ўсіх пакоях і вытворчых памяшканнях. Адхіленне ад нормы нават на адзін градус – гэта падстава для разбору.

У гаспадарцы запэўніваюць: праблем з тэмпературным рэжымам тут ніколі не ўзнікае. Мехдвары абаграваюцца ўласнай кацельняй. Працуе яна на мясцовых відах паліва, а дроў назапасілі яшчэ з лета.

Камфортныя ўмовы працы работнікаў для кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства задача прыярытэтная. Таму абаграваюць майстэрні незалежна ад праверак і камісій. Гэта проста эканамічна выгадна. Механізатары амаль не хварэюць, а значыць, і выдаткоўваць дадатковыя сродкі на аплату бальнічных лістоў не прыходзіцца.

Асаблівая ўвага тэхнічных інспектараў арганізацыям, супрацоўнікі якіх працуюць на адкрытым паветры. Пры мінусавых тэмпературах знаходзіцца на вуліцы працяглы час проста забаронена. І калі ў населеных пунктах можна зайсці ў памяшканне, то за горадам знайсці такое месца часам бывае складана.

Выканаць тэмпературны рэжым пры нарыхтоўцы лесу, здавалася б, справа ўвогуле нерэальная. Аднак лесарубы і тут знайшлі выйсце. Непадалёк знаходзіцца спецыяльны вагончык, куды можна ў любы момант прыйсці, выпіць гарачай кавы ці проста абагрэцца.

У зоне рызыкі не толькі ляснікі і дарожныя работнікі. Паводле слоў прафсаюзных інспектараў, нават на некаторых прамысловых прадпрыемствах з мэтай эканоміі сродкаў забываюць уключаць ацяпленне.

Праверкі тэмпературнага рэжыму на прадпрыемствах супрацоўнікі прафсаюзаў плануюць праводзіць на працягу ўсяго снежня. За месяц інспектары наведаюць пераважную большасць арганізацый рэгіёна. А значыць, ні адно парушэнне тэмпературных норм не застанецца без увагі.