Амаль на тыдзень Гродзеншчына стала цэнтрам мультыспартыўнага мерапрыемства ІІ Еўрапейскіх гульняў

25 мая 2019

У рэгіёне прайшла эстафета "Полымя міру". Сотні спартсменаў, алімпійцаў і заслужаных грамадзян вобласці пранеслі агонь па самых знакавых мясцінах рэгіёна. Факеланосцы падымаліся на самыя высокія будынкі, ехалі на веласіпедах і нават сплаўляліся па вадзе. І ўсюды іх віталі тысячы мясцовых жыхароў. Храналогія галоўнай спартыўнай падзеі года на Гродзеншчыне - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Сімвал ІІ Еўрапейскіх гульняў - "Полымя міру" - на Гродзеншчыне чакалі, да яго сустрэчы рыхтаваліся. Маршрут эстафеты быў пракладзены такім чынам, каб як мага болей жыхароў рэгіёна змаглі далучыцца да галоўнай спартыўнай падзеі года. І першым пунктам шматкіламетровага забегу факеланосцаў стала 133-мятровая прамысловая вежа аднаго з прадпрыемстваў Гродна.

Афіцыйны старт эстафеты быў дадзены на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра. Захавальнікі агню ўручылі факелы з полымем удзельнікам забегу. Лепшыя спартсмены, алімпійскія чэмпіёны і заслужаныя людзі регіёна пранеслі сімвал Еўрапейскіх гульняў па знакавых мясцінах горада, пабывалі ў Старым замку і старажытнай Каложы

“Полымя міру” сустракалі і ў аграгарадку Верцялішкі. Мясцовы СПК - адзін з самых перадавых у краіны. Аграрыі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў запар б’юць працоўныя рэкорды па намалотах і прывесах.

“Полымя міру” ўдзельнікі эстафеты неслі пешшу, везлі на веласіпедах і нават сплаўлялі па вадзе.

Аўгустоўскі канал - гэта унікальны турыстычны аб’ект Гродзенскай вобласці. Толькі за мінулы год яго наведалі 120 тысяч гасцей, у тым ліку і замежных. А паколькі канал усё ж такі водны шлях, то і агонь  ІІ Еўрапейскіх гульняў было вырашана правезці па ім на цеплаходзе.

Да сустрэчы агню тут рыхтаваліся некалькі месяцаў. Дасканала пракладвалі маршрут, арганізавалі шлюзаванне. “Мець дачыненне да галоўнай спартыўнай падзеі года - гэта вялікі гонар”, - прызнаюцца супрацоўнікі канала.

У Ваўкавыску “Полымя міру” паднялі на самую высокую гару, а ў Мірскім замку падчас эстафеты прайшла прэзентацыя медалёў мультыспартыўнага форуму. Усяго было выраблена 1084 узнагароды - 329 залатых, столькі ж сярэбраных і 426 бронзавых. 

Пабываў агонь і ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага - Навагрудку. А яшчэ была Ліда, Смаргонь і Астравец. “Полымя міру” пранеслі па тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС. Завяршылася эстафета ў вёсцы Гервяты каля Троіцкага касцёла. Далей агонь сустракалі ўжо ў Віцебскай вобласці.