Першы ў Беларусі міжраённы кардыялагічны цэнтр пачаў працаваць у Баранавічах

5 марта 2016

Пацыентам райцэнтра і суседніх раёнаў з хваробамі сэрца цяпер можна не ехаць у Брэст ці сталіцу: кансультацыі, дыягностыка і высокатэхналагічнае лячэнне даступныя на месцы. Рэпартаж Марыі Вячоркі.

Спачатку навучанне ў рэспубліканскім цэнтры “Кардыялогія”, год стажыроўкі ў абласным кардыядыспансеры і толькі потым - аперацыя. Яе, першую ў гісторыі новай установы, праводзяць пад наглядам брэсцкіх калег. Таму пацыенты не сумняваюцца: усё будзе добра. Іх у дзень адкрыцця двое. Георгію Ярашуку і Валянціне Куневіч выконваюць каранарную ангіяграфію. Гэты высокатэхналагічны від дыягнастычнай аперацыі дазваляе дакладна вызначыць стан сасудаў сэрца. І ў выніку беспамылкова выбраць від наступнага хірургічнгага ўмяшання.

У лісце чакання на такія дыягнастычныя аперацыі каля 150-ці жыхароў Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. З адкрыццём міжрэгіянальнага цэнтра іх шлях да выздараўлення значна скараціўся.

Але самае важнае, што дае цэнтр - гэта надзею на жыццё ў выпадках вострых каранарных сіндромаў, калі ўсё вырашаюць гадзіны, якіх раней не хапала, каб давезці пацыента да Брэста.

Абласному бюджэту адкрыццё міжрэгіянальнага кардыяцэнтра каштавала 25 мільярдаў рублёў. Але галоўнае - вынік. Баранавіцкія спецыялісты ўпэўненыя: ён будзе!

У Брэсцкай вобласці ўжо адзначаецца тэндэнцыя стабілізацыі дэмаграфічных паказчыкаў.

Смяротнасць па прычыне хвароб сэрца і сістэмы кровазвароту за час рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Кардыялогія” ў рэгіёне знізілася на 25 працэнтаў. У найбліжэйшай перспектыве - адкрыццё міжрэгіянальных кардыяцэнтраў у Пінску і Брэсце.