Першая ў Беларусі прафсаюзная арганізацыя прыёмных бацькоў створана ў Віцебскай вобласці

30 июля 2016

У яе складзе 15 маці, у якіх на выхаванні знаходзяцца 35 дзяцей. З наймальнікам — аддзелам адукацыі Лёзненскага райвыканкама — заключылі калектыўны дагавор. І акрамя сацыяльных бонусаў, ён прадугледжвае дыферэнцаваную аплату працы.

Якія яшчэ сацыяльныя выгоды атрымаюць прыёмныя бацькі, даведалася наш карэспандэнт Вольга Шмаргун. Стварэнне прафсаюзнай арганізацыі прыёмных маці — для Беларусі вопыт першы. Яна вылучылася з раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. І аб'яднала ўсе без выключэння прыёмныя сем'і, што існуюць сёння ў Лёзненскім раёне.

У сям'і Ніны Каралёвай зараз растуць чатыры прыёмныя хлопцы. Старэйшы Мікіта цяпер студэнт і прыязджае толькі на канікулы.

Узяць на выхаванне дзяцей жанчына вырашыла 9 гадоў таму. А сёлета стала ініцыятарам стварэння прафсаюзнай арганізацыі прыёмных бацькоў. Асобнай і самастойнай. З наймальнікам — аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама - заключылі калектыўны дагавор. Акрамя агульных палажэнняў, у ім прадугледжана матэрыяльная падтрымка бацькоў, якія бяруць на выхаванне дваіх і больш дзяцей. Гэта не толькі павышаная прэмія, а і надбаўка да зарплаты.

У сям'і Зоі Маскалёвай тры прыёмныя дзяўчыны. Жанчына працуе маці. Кажа, зараз бацькі-выхавацелі сталі часцей сустракацца — абмяркоўваць агульныя праблемы: юрыдычныя і проста сямейныя.

Улічваючы спецыфіку работы прыёмных бацькоў, іх жаданне стварыць уласны прафсаюз падтрымалі і раённыя ўлады.

Пазіцыя прафсаюзаў у гэтым пытанні адназначная: там, дзе ёсць працоўны калектыў і кіраўнік, павінен быць прафсаюз і калектыўны дагавор. Як гарант сацыяльнай абароны.

За мінулы год у Віцебскай вобласці створана больш прафсаюзных арганізацый, чым за апошнія пяць. Яны адказваюць не толькі за культуру і спорт, але і даюць работнікам пэўныя сацыяльныя гарантыі.