Перакласці каля 9 кіламетраў цепласетак

13 августа 2016

Над такой задачай у рамках падрыхтоўкі да абагравальнага сезона працуюць у Гродне. На сённяшні дзень работы актыўна вядуцца ў цэнтры горада і на асноўных вуліцах, чым ствараюць пэўныя перашкоды для руху пешаходаў і транспарту. Аднак спецыялісты запэўніваюць: гэта часовыя нязручнасці і праз некаторы час яны будуць ліквідаваны. Горад жа атрымае сучасную цепламагістраль, якая дапаможа эканоміць выдаткі.

Расказвае Вольга Пілянчук.

Спецыяльныя агароджы, трубы і будаўнічая тэхніка на тратуарах. Так сёння выглядаюць многія гродзенскія вуліцы. У абласным цэнтры ідзе замена цеплавых сетак. І гэты працэс сапраўды маштабны.

На змену маральна састарэлым камунікацыям прыходзяць сучасныя цеплавыя сеткі, галоўны плюс якіх - спецыяльная сістэма ізаляцыі. Тэрмін службы разлічаны на 50 гадоў.

Працаваць даводзіцца акуратна, каб не пашкодзіць падземныя артэрыі - газ, водаправод, сувязь, аптавалакно і іншыя. На некаторых аб’ектах прыходзіцца адмаўляцца ад тэхнікі і капаць уручную.

Абмежаванасць прасторы – блізкасць праезнай часткі і будынкаў - таксама запавольвае тэмпы работ. Пры гэтым у звычайны лад гарадскога жыцця рамонтнікі ўмешваюцца па-мінімуму, каб потым не траціць час на навядзенне парадку.

Каб не пашкодзіць кветнікі і клумбы, будаўнікам даводзіцца працаваць з ювелірнай дакладнасцю. У такім выпадку робяцца не траншэі, а невялікія ямы, куды потым апускаюцца трубы. І вось так квадрат за квадратам укладчыкі рухаюцца наперад.

На пэўныя нязручнасці, звязаныя з рамонтам, звяртаюць увагу і вадзіцелі, і пешаходы. Першыя стаяць у заторах, другім даводзіцца абмінаць ямы. Камунальнікі парыруюць: дзеля добрай справы неабходна пацярпець. А каб паскорыць ход работ, будаўнікі нават перагледзілі працоўны графік.

Першыя выпрабаванні новыя сеткі пройдуць праз два тыдні. Спачатку энергетыкі выпрабуюць зварныя швы, а потым прамыюць трубы. Канчаткова ўсе работы плануецца завяршыць да канца верасня.