Арыгінальныя мадэлі грузавой і пасажырскай тэхнікі для заказчыкаў з усяго свету

12 августа 2017

Беларускія машынабудаўнікі пашыраюць партфель заказаў і асвойваюць новыя рынкі. Хутка на падыходзе легкавыя аўто ад "БелДжы", інавацыйныя трамваі "Штадлер" адпраўляюцца ў Расію, а МАЗ займае нішу грузавікоў у Паўднёва-Усходняй Азіі. На тыдні Мінскі аўтазавод наведала дэлегацыя з В'етнама, дзе ўзводзяць сумеснае прадпрыемства. Як развіваецца і што прапаноўвае флагман сталічнага машынабудавання, даведаўся Аляксей Кандраценка.

Спякота, высокая вільготнасць і няпростыя дарогі! Беларуская тэхніка ўжо даўно сябе высока зарэкамендавала ў асаблівых умовах эксплуатацыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Вось і для В'етнама у МАЗа - асаблівая прапанова.

Мікалай Лакатко, намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ "МАЗ": "Калі мы гаворым пра В'етнам, то спецыяльна для гэтай краіны мы распрацавалі 9 мадэляў грузавых аўтамабіляў. Гэта шасі, цягачы. Гэта звязана з трапічным кліматам, нагрузкай на дарогу".

Еўра 4, 5 - вядома, не назвы чэмпіянатаў Старога Свету па футболе, а стандарт тэхнікі МАЗ. Агульнасусветныя патрабаванні экалогіі і эканоміі стымулююць Мінскі аўтамабільны завод адказваць самым сучасным крытэрыям машынабудавання.

Яшчэ адзін прыклад развіцця "зялёнай" эканомікі – аўтобус на прыродным газе. Распрацоўка МАЗ прадстаўляе нашу краіну на сусветнай выставе "ЭКСПА 2017" у Астане.

Школьныя, гарадскія, спецыяльныя для аэрапортаў: аўтобусная тэхніка - адзін з самых запатрабаваных сегментаў распрацоўкі і продажаў тэхнікі.

Сёння Мінскі аўтазавод працуе і ў кааперацыі з вядучымі сусветнымі вытворцамі навяснога абсталявання. Як вынік - запатрабаваная шматпрофільная спецтэхніка для гарадской гаспадаркі.

Дзмітрый Караткевіч, начальнік упраўлення продажаў спецыяльнай тэхнікі ААТ "МАЗ": "Гэта аўтамабілі з выкарыстаннем навяснога абсталявання вядомай швейцарскай кампаніі. Таксама гэта камбінаваныя машыны для гарадскога ўтрымання. Плюс шэраг смеццявозаў у супрацоўніцтве з галандцамі, а таксама раней мы прэзентавалі каналапрамывачную машыну для прамывання ліўневых, санітарных і іншых каналаў".

За плячыма 10 тысяч кіламетраў! Бездараж, горы, пустыні - з Расіі, праз Азію ў Кітай! Усё гэта "Шаўковы шлях" - самае доўгае і складанае ралі свету. Каманда "МАЗ - спортаўта" кінула выклік самой сабе - выпрабаваць па максімуму завадскія ноу-хау. І не пралічылася.

Дарэчы ад Кітая, дзе фінішавала ралі, да В'етнама, можна сказаць, рукой падаць. У наступным сезоне нашы гоншчыкі маглі б падоўжыць маршрут і ў якасці элемента прэстыжу заехаць на новы завод сумеснага прадпрыемства "МАЗ-В'етнам". Ён адкрываецца ужо гэтай восенню.