Агульны каравай павінен важыць 7 мільёнаў тон

5 августа 2017

Амаль 2 мільёны тон збожжа намалацілі аграрыі краіны – і гэта яшчэ не ўсё. Агульны каравай павінен важыць 7 мільёнаў тон. Ход уборачнай на гэтым тыдні абмеркавалі на самым высокім узроўні. Есць пэўныя праблемы і з тэхнікай, і з кадрамі, аднак, ёсць і канкрэтны план, так што аграрыі захоўваюць аптымізм – без хлеба не застанемся. Працаваць сёння прыходзіцца і па 12, і па 15 гадзін за суткі, аднак, у працоўных калектывах усе разумеюць, што адзін дзень і сапраўды год корміць.

Антаніна Станкевіч - пра тых, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Гэтае поле 168 гектараў яны абяцаюць убраць даволі хутка. Справа не толькі ў іх прафесіяналізме, але і зладжанасці. Так можна працаваць, толькі калі калектыў як сям'я. Альбо проста сям'я. Усе пяцёра спецыялістаў носяць адно прозвішча: Суднік. Адразу разабрацца, хто каму кім прыходзіцца, даволі складана, але і не гэта галоўнае. Дзмітрый Суднік сёлета працуе разам з двума сынамі. І хоць абодва з нядаўніх часоў сталі хлопцамі гарадскімі, усё ж такі летам іх цягне ў поле. Бацька не нарадуецца: старэйшы сын Павел паказвае вынікі, з якімі не можа сапернічаць механізатар з 25-гадовым стажам.

Сёлета ўборачная пачалася на 10 дзён пазней, чым звычайна. А таму зараз шмат чаго прыходзіцца рабіць адначасова: убіраць збожжа і рапс, травы, а таксама араць і сеяць азімыя. Ураджай хлеба абяцае быць як ніколі добрым - пра такое зерне якраз і кажуць - наліўное.

Ход уборачнай кампаніі на гэтым тыдні абмеркавалі на самым высокім узроўні. Сваё бачанне сітуацыі і план вырашэння праблем падчас селектарнай нарады па відэасувязі прапанаваў кожны рэгіён. Шмат праблем замінаюць зладжанай рабоце – неадрамантаваная ў тэрмін тэхніка, недахоп паліва, а ў некаторых раёнах дэфіцыт механізатараў. Аператыўна ўсе мінусы выяўляюць дзяржкантралёры. А адказнасць за іх выпраўленне ўскладзена на мясцовую ўладу.

Убраць хлеб аграрыям трэба крыху больш чым за два тыдні. Да 20 жніўня збожжавыя, рапс павінны перамясціцца з палёў на зернесховішчы. А таму працаваць сёння прыходзіцца і па 12, і па 15 гадзін. У калектывах сітуацыю цалкам разумеюць.

Першыя тысячы тон у многіх ужо на асабістым рахунку.

Паводле традыцыі намалоты з трыма нулямі прыносяць экіпажам падзякі і падарункі. Спачатку Гомель, затым Брэст, Магілёў – эстафету тысячнікаў падхопліваюць па чарзе ўсе рэгіёны.

Вадзіцель Аляксандр Бабіч – таксама з тысячнікаў. Толькі ён не намалаціў – першым ў Кіраўскім раёне перавёз на сваім грузавіку такую колькасць зерня.

Гаспадарчы падыход да справы адразу дае свае вынікі. У сельгаспрадпрыемствах выпраўляюць памылкі і падлічваюць намалоты. У агульным караваі кожнае зерне хлебнае.