Нацыянальны музей Беларусі сумесна з Беларускай энцыклапедыяй прэзентаваў у Магілёве новае друкаванае выданне

5 октября 2019

100 карцін пра галоўнае. Нацыянальны музей Беларусі сумесна з Беларускай энцыклапедыяй прэзентаваў у Магілёве новае друкаванае выданне, прысвечанае творчасці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, акадэміка жывапісу, чые творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях свету. Новы зборнік увабраў лепшыя рэпрадукцыі, аб’яднаныя тэмай любові да малой радзімы, чыёй прыгажосцю захапляўся мастак да апошніх дзён. Аднак імя знакамітага майстра было ўзгадана на тыдні двойчы. Бялыніцкі раён - малая радзіма Бірулі - прымаў міжнародны пленэр жывапісцаў. Аб уражаннях і новых творах - Андрэй Ястрабаў.

Празрыстасць рэк і азёр, у якіх нібыта акунулася неба. Маляўнічыя берагі з вербамі, якія галінамі амаль дакранаюцца да самай вады. Цурчанне святых крыніц. Менавіта магчымасць наталіцца прыгажосцю беларускай прыроды, энергіяй такіх мясцін і прываблівае  мастакоў з усяго свету.  Праз фарбы нібыта спыніць імгненне і захаваць яго на стагоддзі.

Міжнародны пленэр "Вобраз Радзімы..." сабраў сёлета 19 мастакоў з Беларусі, Украіны, Узбекістана і Паўднёвай Карэі. Па традыцыі за месяц яны паспелі папрацаваць і ў прыродным музеі-запаведніку Паленава, і ў сінявокай. Уладзімір Кузняцоў не мог прамінуць, напрыклад, тэму Вялікай Айчыннай. Траса Мінск -  Магілёў - менавіта тут, побач з вёскай Восліўка, напачатку вайны чырвонаармейцы стрымлівалі нямецкую танкавую калону.  Цэлы дзень пленэра прысвяцілі гэтым гераічным мясцінам. Амаль не выпускаў пэндзаль з рук і Саід Зімар з Афганістана. Упершыню малюе не родныя камяністыя пустэльні і горныя хрыбты.  Жартуе: фарбаў нават не хапае для такой феерыі колераў.   

Штогод дзясяткі твораў удзельнікаў пленэра папаўняюць фонды музеяў вобласці. Сёлета - не выключэнне: больш за 60 карцін перададзены  музею імя Паўла Масленікава. Дарэчы, сын і ўнук знакамітага мастака таксама сярод удзельнікаў сёлетняга пленэра. З добрымі ўспамінамі пра сваю малую радзіму. 

У захапленні ад такога стаўлення беларусаў да родных мясцін і Соу Клеменс Беунгкум, за плячамі якога больш за 250 пленэраў. Удзячны, што за доўгі час менавіта тут удалося напісаць творы для душы. На памяць - сумеснае фота і дыпломы. І асаблівая ўдзячнасць за захаваныя вобразы малой радзімы, якія жывуць у сэрцы кожнага беларуса, незалежна ад месца жыхарства.