Узнагароды за выратаванне жыцця атрымалі ў Віцебскай вобласці

2 декабря 2017

Узнагароды за выратаванне жыцця. Прадстаўнікі пяці сем’яў Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці атрымалі дыпломы і медалі Праведнікаў народаў свету. Гэта ганаровае званне прысуджаецца людзям, якія падчас фашысцкай акупацыі, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў ад немінучай смерці. У кожнага з тых, хто атрымаў узнагароды, свая сямейная гісторыя, якая абавязкова будзе перадавацца наступным пакаленням.

Расказвае Марына Раманоўская.

Гісторыі, якія прагучалі падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання, кранаюць да слёз. У зале прысутнічалі і нашчадкі тых, хто дапамог выратавацца, і прадстаўнікі сем’яў, якіх выратавалі ад смерці. Шмат людзей прыехалі з Ізраіля, каб не толькі павіншаваць з узнагародай, але і чарговы раз падзякаваць.

У вялікай зале, дзе праходзіць цырымонія ўзнагоджвання, няма свабодных месцаў. Многія прыехалі здалёк. Барыс Саснавік жыве ў Ізраілі. Але, кажа, прапусціць такую падзею не мог. Гісторыю пра тое, як яго родным дапамаглі выжыць у гады Вялікай Айчыннай вайны, мужчына ведае з маленства. І кожны раз узгадвае яе са слязамі.

“Той, хто выратаваў адну душу, выратаваў цэлы свет”, - менавіта гэтыя словы выгравіраваны на медалі, які атрымлівае Праведнік народаў свету. Ганаровае званне - сінонім гераізму і абазначае перамогу дабра над злом. Сярод праведнікаў выхадцы з больш чым сарака краін свету.

Алон Шогам, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі: “Аддаём пашану тым людзям, якія выратавалі наш народ. Паказаць меру чалавечай душы важна ўсім. Гэта важна для ўсяго свету”.

Шаркаўшчынскае гета было створана восенню 1941-га. Сюды сагналі прыкладна паўтары тысячы чалавек. Але дакладная колькасць невядомая і сёння. Знішчэнне вязняў пачалося ў 1942 годзе. Фашысты стралялі па людзях, закідвалі гранатамі. Некаторым удалося ўцячы. Многія з тых, хто уцалеў, знайшлі дапамогу ў мясцовых жыхароў, якія нават пад вялікай пагрозай для сваіх сем’яў не пакінулі людзей у бядзе.

Гэтым летам у Шаркаўшчынскім раёне адбыўся пленэр, прысвечаны халакосту. У ім прынялі ўдзел мастакі з розных рэгіёнаў краіны. Работы захоўваюць памяць аб жудасных падзеях таго часу і адлюстроўваюць гісторыі цэлых сем’яў, якія нават праз дзесяцігоддзі кранаюць да глыбіні душы.