На ўскраіне Брэста шукальнікі адкапалі рэшткі франтавога бамбардзіроўшчыка

31 октября 2015

Пра гібель экіпажа савецкага самалёта было вядома яшчэ ў маі 1944 года. Памяць пра герояў увекавечана ў помніку, але дагэтуль на памятнай дошцы быў толькі безыменны надпіс. Цяпер жа сітуацыя можа змяніцца. З падрабязнасцямі - Юрый Печур.

Спробаў раскапаць загінуўшы самалёт было некалькі. Спачатку гэта былі следапыты-аматары - школьнікі мясцовай школы, праз некалькі дзесяцігоддзяў - у 2012 - да справы падлучыліся прафесіяналы з Расіі і 52-гі пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі. Шмат чаго было знойдзена, але галоўны артэфакт, па якім можна было б з упэўненасцю гаварыць аб прозвішчах герояў, так і не знайшлі. Прозвішчы загінуўшых лётчыкаў былі названы метадам выключэння. Але гэта была толькі тэорыя, якая патрабавала пацвярджэння. За справу ўзяліся энтузіясты гісторыка-патрыятычнага атрада “Авіяпошук” з Брэста.

Больш за чатыры гады спатрэбілася энтузіястам гісторыка-патрыятычнага атрада "Авіяпошук", каб вызначыць дакладныя каардынаты месца падзення ПЕ-2. Ім пашанцавала: месца пахавання экіпажа і месца крушэння былі ўсяго за некалькі метраў адно ад аднаго. Галоўнай жа задачай стала знайсці дэталі самалёта з нумарам рухавіка.

Гэтым разам шукаць вырашылі грунтоўна. На месцы гібелі самалёта быў выкапаны катлаван глыбінёй больш за сем метраў.

І вось толькі цяпер, праз 71 год з моманту гібелі самалёта, амаль са стапрацэнтнай упэўненасцю можна гаварыць, што ў маі 1944 пад Брэстам загінуў экіпаж у складзе Мікалая Бірукова, Сяргея Бараненкі і Рыгора Шамалуева.

Праз некаторы час гэтая падзея Вялікай Айчыннай знойдзе сваё адлюстраванне і ў музеі абароны Брэсцкай крэпасці.

Чарговая старонка гэтай гісторыі перагорнутая. Але, са слоў кіраўніка атрада “Авіяпошук”, у іх на прыкмеце яшчэ звыш 20 аналагічных. Адна з найбольш перспектыўных для доказу - самалёт Б-25 “Мітчал”, які шукальнікі раскапалі летам гэтага года.