Музыка надзеі - у Гомелі

9 декабря 2017

Тут прайшоў міжнародны дзіцячы конкурс. Таленавітыя прадстаўнікі дзіцячых школ мастацтваў, гімназій, каледжаў з Беларусі, Расіі, Малдовы і Латвіі дэманстравалі майстэрства ігры на скрыпцы і віяланчэлі. Упершыню конкурс стартаваў у абласным цэнтры 21 год таму для падтрымкі юных талентаў з чарнобыльскіх рэгіёнаў. Цяпер гэта міжнародны форум, які адкрывае новыя імёны.

З юнымі віртуозамі сустрэлася Вольга Халадовіч. Руфіна Угнавёнак перад выхадам на сцэну абавязкова правярае гучанне інструмента. Віяланчэль яна выбрала толькі тры гады таму. А ўжо гэтым летам пачала рыхтавацца да прэстыжнага конкурсу "Музыка надзеі".

Тры ўзроставыя катэгорыі - ад 8 да 16 гадоў - і больш за 80 удзельнікаў. Яны прыехалі ў Гомель з усіх рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Расіі, Малдовы і Латвіі. За спінай - шматгадзінныя рэпетыцыі, і, нарэшце, выхад на сцэну, каб даказаць сабе, журы і гледачам, што яны - сапраўдныя артысты.

Асаблівасць конкурсу ў тым, што ўбачыць і пачуць выступленні ўдзельнікаў можа любы жадаючы. Кожны дзень у канцэртнай зале каледжа мастацтваў юныя таленты выконваюць эцюды, вальсы і сюіты.

Першы такі конкурс адбыўся ў Гомелі ў 1996 годзе. Спачатку ён быў задуманы для падтрымкі юных талентаў, якія пражываюць на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але з часам ператварыўся ў прэстыжны форум міжнароднага значэння. А імёны, якія адкрыў фестываль, сёння вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Тут не толькі дэманструюць таленты, але і пераймаюць вопыт лепшых педагогаў. Таму ў праграме конкурсу таксама майстар-класы і выступленні разам з вядомымі музыкантамі. А пераможцы атрымліваюць дыпломы, прызы, падарункі, а таксама прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. За час правядзення конкурсу ў ім прынялІ ўдзел больш за паўтары тысячы музыкантаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Латвіі.