Маладыя спецыялісты-педагогі ў Ражанкаўскай сельскай школе

30 сентября 2017

Размеркаванне, якое стала асэнсаваным выбарам. Пяцёра маладых педагогаў ужо цэлы месяц вядуць заняткі, правяраюць дамашнія заданні ў Ражанкаўскай школе, і кажуць, размеркаванне ў сельскую мясцовасць - добры пачатак кар’еры. Як жывуць маладыя спецыялісты, чаму некаторыя з іх нават пераехалі з Гродна ў аграгарадок і як адзначаць першае ў сваім жыцці прафесійнае свята - Дзень настаўніка? За партай пабываў і Дзмітрый Смірноў.

За маладымі настаўнікамі, большасць з якіх працуе яшчэ толькі першы месяц, на перапынках цягнецца “хвосцік” з вучняў. Дарэчы, абавязковае размеркаванне не ў горад стала ўласным дарослым выбарам выпускнікоў.

Намер весці ўрокі выключна ў гарадской школе спачатку мела Вікторыя Собаль. Але ж праз год разам з мужам пераехала з абласнога цэнтра сюды, у Ражанку. Кажа, людзі тут прасцейшыя ў сваіх адносінах - як да жыцця, так і адно да аднаго. У той жа час і сама школа зацікаўлена ў маладых кадрах, таму і адміністрацыя прыкладае намаганні, каб стварыць камфортны побыт для сваіх супрацоўнікаў.

Калегі Вікторыі, што працуюць у суседніх класах, таксама не пашкадавалі пра размеркаванне ў вёску. Тым больш, што падтрымка ёсць. Калі малады спецыяліст і пасля абавязковай адпрацоўкі застаецца ў калектыве, яму выплачваюць адначасова 10 базавых велічынь. А да гэтага часу нядаўнія выпускнікі нават за кватэру не плацяць - гэты клопат бярэ на сябе адміністрацыя.

Маладыя выкладчыкі нават характарыстыку сваёй ражанкаўскай школе прыдумалі - “з цёплай атмасферай”. Катэгорыю атрымліваюць праз год, а барацьбы за так званыя настаўніцкія гадзіны тут ніколі не было. Больш за тое, праект куратарства вопытных педагогаў ва ўстанове не на паперы.

Ражанкаўская школа сёння - гэта адукацыйны комплекс разам з дзіцячым садком. Усяго больш як 240 навучэнцаў. Педагогі вядуць адразу некалькі праектаў, накіраваных на развіццё здаровага ладу жыцця. Прычым не толькі ў школе - ва ўсім мястэчку. Кажучы мовай статыстыкі, 29 працэнтаў настаўніцкага складу - гэта спецыялісты, якія размеркаваліся сюды за апошня тры гады і засталіся. Тут кажуць: “Стэрэатыпы пра вясковую школу больш не актуальныя”.