Магілёўскі заасад адзначае 15-годдзе

30 марта 2019

Ад прытулку для выратаваных жывёл  да яскравай турыстычнай Мекі вобласці. Магілёўскі заасад адзначае 15-годдзе. Многія жывёлы за гэты час сталі сапраўднымі знакамітасцямі. Ствараюцца нават цэлыя сем'і. У вальерах  усё часцей можна ўбачыць маленькіх казуль, ланяў і нават зуброў. У заасадзе ёсць база для практычных заняткаў будучых ляснічых і егераў. 

Як сустракае юбілейную вясну любімае месца адпачынку гараджан -  даведаўся  Андрэй Ястрабаў. Пагрэцца вясной пад першымі цёплымі промнямі сонейка для жыхароў Магілёўскага заасада - любімая справа. Турбот ніякіх. Жывёлы тут нібыта адначасова і ў дзікай прыродзе, і ў санаторыі. Галоўная мэта, да якой імкнуліся ўсе 15 гадоў стваральнікі заасада, – Магілёўскі агралесатэхнічны каледж. Спачатку база для практыкі студэнтаў, пасля  і турыстычная жамчужына вобласці. 

На ўскрайку Магілёва, у Буйнічах, пачалі ствараць сапраўдны храм прыроды, дзе побач з прадстаўнікамі беларускай фаўны – ваўкамі, аленямі і казулямі - мірна ўжываюцца і госці краіны. Некаторыя на новае месца жыхарства ехалі тысячы кіламетраў.

Менавіта камфортныя ўмовы і пяшчотныя адносіны паспрыялі павелічэнню колькасці гадаванцаў заасада. Сёння іх амаль сотня. Ствараюць сем’і. Летась на свет з’явіліся яшчэ 8 зубранят, больш за 30 плямістых аленяў. Сёлета чакаюць папаўнення муфлоны і маралы. Да таго ж шмат жывёл, якія трапілі ў бяду, атрымалі тут прытулак. Гэта казулі, птушкі. 

Заасад стаў домам і для гэтага шэрага лебедзя. Яго зімой пакалечанага прынеслі сюды жыхары Магілёва. Ён сам прыйшоў да людзей. Яго  вылечылі. Цяпер птушка сама вырашыць – заставацца у заасадзе або пакінуць яго. Заасад стаў сапраўднай турыстычнай Мекай і любімым месцам сямейнага адпачынку. Сюды вяртаюцца зноў і зноў. Дзеці гадзінамі не адыходзяць ад вальераў. 

160 гектараў і звыш 300 жывёлін - не мяжа. У будучыні заасад рыхтуецца здзівіць турыстаў і канатнай дарогай, і музеем рыб. А яшчэ новымі жыхарамі, пра якіх абавязкова даведаюцца першымі гледачы "Краіны".