Мінскую і Віцебскую вобласці звязаў новы мост

16 декабря 2017

Хоць і драўляны, але даволі моцны - нагрузку вытрымлівае да 60 тон. Такі мост з'явіўся ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Цяпер дабірацца да месца прызначэння прасцей не толькі мясцовым жыхарам, але і вучоным, якія назіраюць тут за папуляцыямі дзікіх жывёл. Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Пасада Эдуарда Крыўца гучыць крыху па-канцылярску - кантралёр. Аднак, гледзячы на наваколле, прыгожую рэчку і прыбраны дом з драўлянымі карункамі, так і хочацца назваць мужчыну наглядчыкам моста. Кантралёр не толькі сочыць за парадкам, але яшчэ і за тым, хто прыязджае ў запаведнік. Не пусціць не маюць права, аднак запісаць дадзеныя людзей павінны.

За апошнія дні трафік на гэтым участку крыху вырас. Не праспект Незалежнасці, зразумела, аднак на тэрыторыі запаведніка - з дзясятак вёсак. І людзі ездзяць адно да аднаго ў госці.

Аднак мост патрэбен не толькі мясцовым жыхарам. Навуковым супрацоўнікам і ляснічым запаведніка таксама не прыходзіцца ехаць у аб'езд 60 кіламетраў, каб трапіць на другі бераг ракі.

Навуковыя супрацоўнікі Юрый і Аляксандр - якраз з тых, хто нярэдка вымушаны працаваць на абодвух берагах. Задача мужчын - назіранне за дзікімі жывёлінамі. А зараз зімой гэта даволі зручна рабіць: на снезе добра бачныя сляды, так што, вучоныя могуць амаль што дакладна расказаць, як зімуюць насельнікі запаведніка.

Дарэчы, за жыццём жывёльнага свету навукоўцы толькі назіраюць. Статус запаведніка забараняе чалавеку умешвацца ў прыродныя законы. Адзінае, што могуць зрабіць вучоныя, - уладкаваць хворых звяроў. Параненых ласёў, мядзведзяў, казуляў і ваўкоў размяшчаюць у мясцовым заапарку.