Мінск упрыгожылі новыя святлодыёдныя кампазіцыі

10 ноября 2018

Сімвалы сталіцы ў светлавых фігурах. Мінск упрыгожылі новыя святлодыёдныя кампазіцыі. Каля Палаца спорту на Нямізе ўсталявалі лагатып II Еўрапейскіх гульняў у выглядзе зямнога шару. А каля станцыі метро з'явіўся светавы МАЗ. Сёлета Мінск упрыгожваюць больш за 12 светлавых фігур і каля паўтары тысячы вулічных святлодыёдных убранняў.

Як ствараюцца незвычайныя гарадскія ўпрыгажэнні, якая самая вялікая фігура сталіцы, чым новым парадуюць сталічныя ілюмінатары мінчан да Новага года - у сюжэце Марыны Мураўёвай.

Зямны шар дыяметрам 4 метры красуецца на подыуме каля Палаца спорту. Менавіта так выглядае светлавы лагатып II Еўрапейскіх гульняў. Шар – пакуль адзіная рухомая светлавая фігура ў сталіцы, а ўсяго бліскучых інсталяцый 13. «Кніга» разгарнула свае старонкі каля Нацыянальнай бібліятэкі, «Арфа» ўпрыгожвае філармонію, велічны «Зубр» – студэнцкую вёску.

Светлавы мяч – самая вялікая аб'ёмная фігура сталіцы. Яго вышыня 11 метраў. Каб усталяваць усе секцыі алюмініевага каркасу, спатрэбілася некалькі дзён.

Не менш цікавая з інжынернай думкі кампазіцыя “МАЗ”, якая размясцілася каля станцыі метро «Аўтазаводская». Па габарытах светлавы грузавік большы за сапраўдны, але візуальна цалкам супадае з арыгіналам.

Перад тым як фігура з'явіцца на сваім месцы, інжынеры ствараюць яе дызайн-праект. Спачатку алоўкам на паперы, потым карцінка апрацоўваецца ў спецыяльнай праграме. Праекціроўшчыкі праводзяць свой аналіз, у літаральным сэнсе прымяраюць светлавую кампазіцыю да агульнага антуражу мясцовасці. І толькі потым вырабляюць каркас і ўсталёўваюць аб'ёмную фігуру.

Акрамя светлавых фігур, сталіцу ўпрыгожвае і вячэрняя ілюмінацыя. Традыцыйна 15 снежня у Мінску зазіхацяць і навагоднія агні. У майстэрні па вырабе светлавых элементаў рыхтуюць чарговыя абнаўленні.

А яшчэ зіхатлівыя аркі, вадаспады і крышталь. Па-новаму сёлета заззяе і галоўная ёлка краіны на Кастрычніцкай плошчы. Яна апранецца ў піксельныя ўбранні, якія будуць мяняцца пад музычнае суправаджэнне. Каля яе з'явіцца светлавая кампазіцыя «Конь з санямі». На плошчы Свабоды можна будзе прагуляцца пад светлавой аркай, а зіхатлівы бульвар упрыгожыць вуліцу Герцэна.