Мінск рыхтуецца да другіх Еўрапейскіх гульняў

16 сентября 2017

13 арэн, 15 відаў спорту, 6 тысяч спартсменаў. Мінск рыхтуецца да форуму алімпійскага ўзроўню - другіх Еўрапейскіх гульняў. Спецыяльна да спаборніцтваў у Мінску ўзвядуць шэраг новых аб'ектаў. Гэта жылы корпус на праспекце Дзяржынскага, дзе размесцяцца спартсмены и трэнерскі штаб, а таксама цэнтр спартыўнай медыцыны і трэніровачная зала. Працягваецца конкурс на распрацоўку афіцыйнага талісмана Гульняў.

Падрабязнасці ведае Надзея Сербіненка. Праз два гады Беларусь прыме другія Еўрапейскія гульні. Але падрыхтоўку да маштабных спартыўных спаборніцтваў беларуская сталіца пачала загадзя. У Мінску чакаюць 6 тысяч спартсменаў, спаборніцтвы пройдуць па 15-ці відах спорту, будзе задзейнічана 13 арэн. Гэта Палац тэніса, новы спарткомплекс "Уручча", Палац воднага спорту. Галоўныя спаборніцтвы прымуць "Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна" і знакаміты стадыён на вуліцы Кірава, які ў 1980 годзе прымаў матчы летніх Алімпійскіх гульняў.

З'явяцца на карце Мінска і абсалютна новыя спартыўныя аб'екты – спецыяльна для Еўрапіяды. Гэта Навукова-практычны цэнтр спорту ў раёне “Мінск-Арэны”. Там атлеты будуць праходзіць медабследаванне, здаваць допінг-пробы. Яшчэ адзін аб'ект – шматпрофільная зала для гульнявых відаў спорту - стане асноўнай трэніровачнай базай для спартсменаў.

Студэнцкая вёска на праспекце Дзяржынскага стане галоўнай лакацыяй для размяшчэння прафесійных спартсменаў і трэнерскага штаба. Каб змясціць усіх, зараз тут узводзяць новы 25-павярховы жылы корпус. Для размяшчэння спартыўных турыстаў будуць задзейнічаны гасцініцы рознай зорнасці, якіх у Мінску дастаткова. Пры гэтым пражыванне можа быць уключана ў так званы турыстычны пакет - разам з білетам на матч і праездам у Мінск.

У праграму другой Еўрапіяды будуць уключаны найбольш масавыя і папулярныя віды спорту, у якіх у нашай краіны ёсць яскравыя перамогі. Усяго відаў 15: веславанне, гімнастыка, баскетбол 3х3, веласіпедны спорт, розныя віды адзінаборстваў і стральбы. На Гульнях у Азербайджане ў медальным заліку Беларусь заняла сёмае месца і заваявала 43 ўзнагароды. У Мінску ж атлеты атрымаюць дадатковую матывацыю.

Акрамя спартыўнага, у Гульняў ёсць вельмі важны медыйны складнік. За Гульнямі ў Мінску будуць сачыць гледачы літаральна па ўсім свеце.

Весці прамыя трансляцыі ўсіх спаборнітцваў, рабіць тэлеагляды кожнага дня, здымаць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў – свае тэхнічныя заяўкі ўжо даслалі вяшчальнік першых Еўрапейских гульняў у Баку, а таксама прадакшн-кампаніі некалькіх алімпіяд. У асвятленні спартыўных спаборніцтваў будуць задзейнічаны і тэлевізійныя магутнасці Белтэлерадыёкампаніі.

Першыя варыянты талісманаў актыўна дасылаюць на скрыню Міністэрства інфармацыі – арганізатара конкурса.

Малюнкі прымаюць да 15 лістапада, а вынікі конкурсу падвядуць 15 снежня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.