Макавей альбо Мядовы Спас. У Беларусі адзначылі адно з яскравых праваслаўных свят

18 августа 2018

Калі вернікі з’язджаюцца з усяго свету на малую радзіму, каб сустрэцца з землякамі і наталіцца вадой з крыніц. У гэты дзень яна лічыцца асабліва цудадзейнай. Самая вялікая крыніца ва Усходняй Еўропе, што ў Слаўгарадскім раёне, Блакітная, сабрала на свята дзясяткі тысяч гасцей.

Андрэй Ястрабаў падрабязна. Малебен у гонар сямі пакутнікаў Макавеяў, хрэсны ход, падчас якога трэба тройчы абысці крыніцу, абрад, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А яшчэ блакітнага колеру вада дзякуючы мелу, яе моцны паток - 60 літраў за секунду. У старажытнасці радзімічы тут прымалі хрышчэнне. Нядзіўна, што гэтае месца прываблівае дзясяткі тысяч паломнікаў і турыстаў.

Менавіта вада і робіць унікальным гэта месца. Яе тэмпература нават летам у спякоту не павышаецца больш за 8 градусаў. Яе можна адразу ужываць, не ачышчаючы. І паданняў шмат існуе наконт яе цудадзейных магчымасцей.

Галоўная з іх - вада Блакітнай крыніцы вылечвае хваробы. І нядзіўна, дзеляцца думкамі святары, яна багатая на кальцый, магній, натрый. Аднак зразумела, вера - галоўная цудадзейная сіла.

Да 50 тысяч гасцей прымае Блакітная крыніца на Макавей. З’язджаюцца з найбліжэйшых раёнаў, абласцей, краін. Пабыць тут і не акунуцца – такое немагчыма, гавораць турысты.

На свята Блакітная крыніца становіцца цэнтрам маштабнага фестывалю, дзе і да цудадзейнага валуна можна дакрануцца, і мёду пакаштаваць. Ліпавы, грэцкі з прыватных пчальнікоў.

Нават у сотах прапануюць набыць - і незвычайна, і смачна. І экскурс па вытворчасці мёду.

Прыродны заказнік створаны, каб захаваць прыгажосць і адметнасць гэтага краю па-над Сожам. Такі важны статус гэтая тэрыторыя атрымала летась. Цяпер яна пад асаблівай увагай дзяржавы.

Зразумела, прыток турыстаў павялічыць і новы мост, які злучыць берагі Сожа і дасць новы штуршок для развіцця вялікай маляўнічай тэрыторыі.