Лепшы ўчастковы Гомеля

19 ноября 2016

17 лістапада адзначылі Дзень стварэння службы ўчастковых. У Гомелі выбралі лепшага ўчастковага Беларусі. Фінальны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу сабраў 7 каманд – з кожнай вобласці і Мінска. Праваахоўнікі спаборнічалі ў прафесійным майстэрстве па страявой, агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. Якімі навыкамі павінен валодаць сучасны ўчастковы, убачыў Яўген Пабалавец.

У Гомелі сабраліся лепшыя ўчастковыя і інспектары па справах непаўналетніх з усёй Беларусі. У складзе каманды – па тры прадстаўнікі па кожным накірунку службовай дзейнасці. Маёр міліцыі, старшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх з Рэчыцы Дзіяна Грынюк перамагла ў раённым, а потым і ў абласным спаборніцтве.

Пра такіх супрацоўнікаў, як Дзіяна, кажуць, што ў прафесіяналізме і адказнасці дасць фору шмат каму, у тым ліку мужчынам. І не глядзіце, што яна жанчына пяшчотная і далікатная. Калі спатрэбіцца, адпор можа даць кожнаму.

Дзіяна працуе ўчастковым інспектарам 10 гадоў. Спецыяльнасць выбірала адмыслова. Па першай адукацыі яна – настаўнік. Але ў свой час вырашыла, што яе прызванне - стаяць на варце закону і інтарэсаў грамадзян.

Праваахоўнікі спаборнічалі ў бегу, стральбе, барацьбе, дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства ў крыміналістыцы, медыцынскай падрыхтоўцы. А таксама ў веданні нарматыўных прававых актаў. Іх правяралі па цэлым спектры якасцяў, бо сучасны ўчастковы павінен быць сапраўдным прафесіяналам.

Узнагароды пераможцы прымалі 17 лістапада – у сваё прафесійнае свята. Менавіта ў гэты дзень у 1923 годзе Цэнтральнае адміністрацыйнае упраўленне Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР зацвердзіла інструкцыю ўчастковаму наглядчыку горада, якая і заклала нарматыўную базу для стварэння і развіцця ўчастковай службы. Па выніках спаборніцтваў, Дзіяна Грынюк стала лепшым інспектарам па справах непаўналетніх у складзе каманды Гомельскай вобласці, а лепшым участковым Беларусі другі год запар прызнаны віцяблянін Сяргей Ціханаў.