Логава мядзянкі знайшлі ў закінутай ракетнай часці Брэсцкай вобласці

17 августа 2019

Самая таямнічая змяя Еўропы пасялілася ў Беларусі. Логава мядзянкі знайшлі ў закінутай ракетнай часці Брэсцкай вобласці. Таямнічай гэтую змяю навукоўцы назвалі за яе скрытнасць. Від вельмі рэдкі, і пра яго амаль нічога невядома, нават працягласць жыцця асобіны. 

Наш карэспандэнт Марыя Тройніч даведалася, чаму змяя ўпадабала беларускі лес. У старажытнасці іх лічылі пасланнікамі ведзьмакоў і абыходзілі бокам. У нашых продкаў змяя мядзянка была сапраўдным фальклорным героем. Але і сёння гэты від ахінуты таямніцай. Пра рэптылію навукоўцам невядома амаль нічога – нават сярэдняя працягласць жыцця асобіны.

Домам  мядзянкі стала былая ракетная часць. Аб’ект, схаваны ад старонніх вачэй, зарос травой, і гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для жыцця чырванакніжнай рэптыліі. Паводле слоў навукоўцаў, асаблівы і лес, побач з якім знайшлі рэптылію. Біясферны рэзерват "Прыбужскае Палессе" - лес, унікальны для ўсёй краіны. Толькі сёлета навукоўцы тут знайшлі 10 рэдкіх відаў раслін, жывёл і насякомых з Чырвонай кнігі. Сярод іх кажаны, жукі і кветка лясная архідэя.

Эколаг Алег Грода на працягу 20 гадоў намагаўся адшукаць мядзянку.    І вось нядаўна яму пашанцавала не толькі знайсці гняздо, але і ўбачыць, як змеі вылупліваюцца з яек. 

Усяго навукоўцы налічылі 30 дарослых мядзянак. Для чалавека  рэптылія не небяспечная. Яна не атрутная і харчуецца яшчаркамі, мышамі і жабамі. Зараз навукоўцы робяць усё, каб захаваць і даследаваць рэдкі від. Месца, дзе знайшлі логава мядзянак, збіраюцца зрабіць заказнікам. Таму не выключана, што хутка мядзянка страціць свой статус самай таямнічай змяі Еўропы.