Сталічная гімназія № 4 адзначае сваё 25-годдзе

11 февраля 2016

Чвэрць стагоддзя тут выкладаюць 7 замежных моў, шмат увагі надаюць эстэтычнаму выхаванню дзяцей, развіваюць іх творчыя здольнасці… Сталічная гімназія № 4 адзначае сваё 25-годдзе. Спачатку гэта была 198 школа, праз 5 гадоў яе перайменавалі ў Мінскую беларускую нацыянальную гімназію. Дарэчы, яна стала першай у горадзе, дзе ўсе прадметы выкладаюць на беларускай мове. Аляксандра Драгун - аб навучанні з аўтэнтычным каларытам.

Зацікаўленыя вочы, прага да ведаў і правільных адказаў. У чацвёртай сталічнай гімназіі ведаюць як нават самых маленькіх вучняў заахвоціць новым матэрыялам і ўтрымаць увагу няўрымслівых гарэз на працягу ўрока. Заняткі тут асаблівыя - усе прадметы выкладаюць на беларускай мове.

Для чацвёртай гімназіі сёлетні набор першакласнікаў юбілейны - 25. Чвэрць стагоддзя адзначае і сама ўстанова. Калектыў настаўнікаў - а гэта 95 спецыялістаў - выхоўваюць і дбаюць аб ведах амаль 9 соцень вучняў.

Тры чалавекі на месца. Такі конкурс і сур'ёзныя іспыты за плячыма ў дзяцей, якія сталі вучнямі чацвёртай гімназіі. Настаўнікі ганарацца сваімі выхаванцамі, радуюцца іх перамогам і ведаюць як склаўся лёс выпускнікоў.

Аўтэнтычная ў гімназіі нават сталовая. У інтэр'еры - беларускія рушнікі, гліняныя збаны і драўляная мэбля. Ёсць тут нават печка. Праўда, сняданкі і абеды ў ёй не гатуюць. Меню такое ж, як і ва ўсіх школах.

У гімназіі развіваюць і эстэтычны напрамак. Вучні з першага класа займаюцца музыкай, танцамі і спяваюць у хоры. Дарэчы, ёсць і ўзорныя калектывы. А тут - у цэнтры беларускай культуры - праводзяць літаратурныя гасцёўні, нацыянальныя святы і музычныя вечары.

З нагоды 25-га дня нараджэння гімназіі сёння на ўроках панавала ўрачыстая атмасфера. У якасці выключэння штодзённы дрэс-код дазволілі памяняць на святочны, бо амаль усе вучні задзейнічаныя ў гала-канцэрце.

На працягу дзвюх гадзін вучні дэманстравалі ўсё, на што здольныя: спявалі сольна і на некалькі галасоў, ігралі на фартэпіяна і танцавалі "Лявоніху", а таксама шчыра віншавалі сваіх настаўнікаў і дзякавалі за працу. Бо ў сваім другім доме яны атрымліваюць не толькі веды - бацькоўскі клопат.