Лабірынт, які не будуюць, а высаджваюць

15 июля 2017

Лабірынт, які не будуюць, а высаджваюць. Векавыя дрэвы, дзеля якіх навукоўцы ўсталёўвалі пад адкрытым небам сапраўдны тамограф. І яшчэ шышкасушылка побач з мядовай пасекай, дзе можна самому адпампаваць мёд – як працуе унікальны экалагічны клас у прыродным заказніку "Горні" і як выглядае "вуха жаданняў" – ўсе падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.

Гэты парк пачалі высаджваць тут, у мястэчку Горні, у 1881 годзе. Першыя дрэвы дбайна размяркоўвалі ў канцы 19 стагоддзя яшчэ работнікі лясной аховы царскай Расіі. Пасля - калі прыналежнасць гэтых тэрыторый змянілася - польскія егеры. І, нарэшце, у 20-м стагоддзі - беларускія спецыялісты лясной гаспадаркі. Але за доўгі час прырода амаль заваявала парк. Зараз жа навучэнцы адной з суседніх школ са здзіўленнем аглядаюць зялёную прыгажосць, якую за апошнія гады стварылі мясцовыя леснікі.

Кожнае з 2076 дрэў мае асабісты нумар. Вяз, сасна, некалькі відаў дубоў і рабін – усе занесены ў камп’ютарную базу парку.

Перад "драўлянай" інвентарызацыяй парк "Горні" прайшоў асаблівае медабследаванне. Навукоўцы з кожнага дрэва знялі спецыяльную тамаграму, каб высветліць стан іх здароўя.

Дзякуючы гэтаму леснікам удалося выратаваць самае старое і вялікае дрэва – цукрысты клён. Менавіта з яго соку ў Канадзе здабываюць знакаміты кляновы сіроп. Зараз стогадовыя галіны падпіраюць так званыя мачты, а парасткі самога клёна перадалі для селекцыі ў Рэспубліканскі цэнтр насенняводства.

Наведаць лясны экалагічны цэнтр не толькі цікава, але і пазнавальна. Напрыклад, на адным з дрэў прыжылося "вуха жаданняў": прашэпчаш мару, і яна абавязкова здзейсніцца. Тут жа на сцежках вучаць разбірацца ў слядах дзікіх жывёл.

Парк сёння яшчэ і месца, дзе праводзяць заняткі. Экалагічны клас наведваюць сотні школьнікаў. І што асабліва падабаецца слухачам курсаў - практыкі тут значна больш, чым сухой тэорыі. Зараз тут рыхтуюць нешта ўвогуле адметнае.

Таксама тут можна паназіраць, як раней сушылі шышкі на насенне ці перайсці на пасеку і адпампаваць ліпавы мёд з сотаў. Дарэчы, зараз самы час.

Лабірынт сапраўды будзе адной з адметнасцяў экапарку. Яго ствараюць, кіруючыся англійскімі і французскімі ўзорамі. Заблукаць, дарэчы, месца хопіць – тэрыторыя ў паўгектара і дрэвы, вышэйшыя за чалавечы рост.