Культурнай сталіцай Беларусі ў наступным годзе стане Маладзечна

7 ноября 2015

Акрамя горада сонца, на ганаровы статус прэтэндаваў яшчэ адзін раённы цэнтр Мінскай вобласці – Слуцк. Але літаральна праз 2 месяцы званне "Культурная сталіца" ад Брэста пяройдзе менавіта Маладзечна. За пяць гадоў існавання такой традыцыі цэнтрамі культуры Беларусі станавіліся Полацк, Гомель, Нясвіж, Магілёў і Гродна. У кожным з гэтых гарадоў рэалізуюцца інавацыйныя праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці, павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў. Чаму ж менавіта Маладзечна стане культурнай сталіцай 2016 года? Ведае Аляксандра Драгун.

Культурнай сталіцай Маладзечна выбралі невыпадкова. У горадзе знаходзяцца 2 абласныя тэатры і краязнаўчы музей, музычны каледж імя Агінскага і школа мастацтваў, Палац культуры і летні амфітэатр, на сцэнах якіх праходзяць паўтысячы літаратурных вечароў, танцавальных фестываляў і музычных свят.

Тры дзясяткі маладзечанскіх калектываў маюць званне заслужанага, народнага ці ўзорнага.

За чатыры гады гурт "ДСФ" стаў накшталт "Металікі" для Маладзечна. Аўтарская музыка і тэксты прыйшліся да спадобы аматарам рок-накірунку. Амбіцыйныя музыканты апрабавалі сцэны роднага горада – цяпер выходзяць з уласнай праграмай на міжнародныя.

Любоў да рок-музыкі аб’яднала выканаўцаў яшчэ падчас вучобы ў каледжы імя Агінскага. Дарэчы, у сценах гэтай установы выхоўваюць музыкантаў для сімфанічнага аркестра, мастакоў, акцёраў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і оперных спевакоў.

20 гадоў музычны каледж носіць імя Міхала Клеафаса Агінскага. Тут усё наскрозь прасякнута музыкай славутага земляка, памяць аб ім шануюць і натхняюцца паланезам.

Вялікую цікаўнасць за мяжой выклікала беларуская пастаноўка оперы "Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт". Ёю цалкам займаліся выкладчыкі і навучэнцы каледжа.

Горад, насельніцтва якога не перавышае 100 тысяч, па плошчы меншы ў 10 разоў за сталіцу – Маладзечна сёння мае самабытныя тэатральныя традыцыі, увасобленыя ў лялечных спектаклях і драматычных пастаноўках.

Сёлета ў драматычнага тэатра 25-ы сезон. Да юбілею паставілі дзве прэм’еры – казку "Кот у ботах" і "Дзядзькаў сон" паводле аповесці Дастаеўскага.

Вясковыя пейзажы, партрэты незнаёмак і бытавыя эцюды. На гэтым тыдні ў Маладзечне адкрылі выставу жывапісу. 26 карцін, выкананых алеевымі фарбамі, экспануюць у Палацы культуры. У наступным годзе прасторы для гарадскіх выстаў стане больш. У цэнтральнай бібліятэцы адкрыюць галерэю.

Ганаровае званне "Культурная сталіца Беларусі" горад сонца пяройме ў Брэста. Маладзечна стане другім горадам Мінскай вобласці, які адзначылі за самабытнасць і захаванне культурнай спадчыны. У 2012-м культурнай сталіцай Беларусі быў Нясвіж.