Гродна. Лагістычны цэнтр

8 октября 2016

Працы па будаўніцтве транспартна-лагістычнага цэнтра на пагранпераходзе “Брузгі” набліжаюцца да завяршэння. Скончана аддзелка. Вядуцца пуска-наладачныя работы абсталявання, мантаж сістэмы відэаназірання. Як аб’яўлена, напрыканцы кастрычніка аб’ект увядуць у эксплуатацыю. Аб апошніх прыгатаваннях перад запускам - Вольга Пілянчук.

Галоўная перавага гродзенскага лагістычнага цэнтра – яго непасрэдная блізкасць да мяжы, фактычна ён далучаны да пункта пропуску. З-за чаго аўтамабілям не прыйдзецца выязджаць на дарогу агульнага карыстання. Па асобным канале яны будуць адразу трапляць у зону мытнага кантролю.

Афармленне ўсіх неабходных дакументаў ужо пры ўездзе ў краіну. Такую мэту ставілі перад сабой, калі задумвалі гэты транспартна-лагістычны цэнтр. Зараз тут больш за 400 будаўнікоў працуюць дзве змены. Адзін з галоўных аб’ектаў - склад. Яго плошча 10 тысяч квадратных метраў. Мантаж так званых сістэм захоўвання амаль завершаны, залІта і бетонная падлога, да якой былі асаблівыя патрабаванні.

Аддзелачныя работы ў памяшканнях, куды прыйдуць працаваць больш як 20 спецыялістаў мытных службаў, таксама завершаны. Засталося нямнога: зманціраваць кабінкі з празрыстым шклом і расставіць мэблю ў кабінетах.

На першым этапе плануецца працаваць дзве змены. Спецыялісты цэнтра будуць афармляць да 120 аўто за суткі.

На тэрыторыі цэнтра з’явіцца не толькі структура для праходжання мытнага афармлення, захоўвання грузаў - будзе створаны належны спадарожны сервіс. Напрыклад, бытавыя памяшканні для вадзіцеляў, санвузлы і, нават пральня. Акрамя гэтага з’явяцца паркінг, гатэлі, кавярня, аддзяленне банка. Будаўніцтва завяршаецца на 5 месяцаў раней, чым планавалася. Новы цэнтр дазволіць паскорыць працэс мытнага афармлення ў некалькі разоў і знізіць выдаткі перавозчыкаў.

Увод будынка ў эксплуатацыю запланаваны напрыканцы кастрычніка.

Як чакаецца, яшчэ два-тры тыдні спатрэбіцца, каб усе тэхналагічныя працэсы прыйшлі ў норму. Першыя грузы тут збіраюцца прыняць напрыканцы лістапада.