Гомельскія афтальмолагі правялі больш за тысячу аперацый на вачах

23 апреля 2016

Сучаснае абсталяванне было набыта год таму за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Гэта дазваляе праводзіць нават самыя складаныя аперацыі на вачах, аб чым яшчэ год таму гамяльчане маглі толькі марыць. Разам з пацыентамі якасць аперацый правяраў наш карэспандэнт Яўген Пабалавец.

Дар’я Курашава на аперацыю прыехала з Рэчыцы. Апошнім часам стала дрэнна бачыць, таму і вырашыла зрабіць карэкцыю зроку. У Дар’і рэфракцыя вачэй мінус 3, але тут робяць аперацыі пацыентам з рэфракцыяй і да мінус 15, якія без ачкоў нічога не бачаць, нават верхні радок табліцы.

Абсталяванне коштам больш за 800 тысяч долараў набылі за сродкі абласнога бюджэту. Гэты сучасны апарат з'явіўся ў абласным афтальмалагічным цэнтры год таму. З таго часу прааперыравалі каля тысячы пацыентаў.

Гэта самы хуткі ў свеце эксімерны лазер. Яго тэхнічныя характарыстыкі напрамую ўплываюць на вынік і дазваляюць скараціць час аперацыі. Карэкцыя на двух вачах займае ў сярэднім 15 хвілін.

Аперацыя высокатэхналагічная, выконваецца з лазернай дакладнасцю. Ад правільнасці настроек залежыць, ці атрымае чалавек запланаваную адзінку. Абсталяванне тэстуюць раніцай, а потым перад кожным пацыентам. Робяць тут і складаныя аперацыі, якія раней праводзіліся толькі ў Мінску ці за межамі краіны.

Уладзімір Катовіч, галоўны абласны афтальмолаг, загадчык 1 афтальмалагічнага аддзялення Гомельскай абласной спецыялізаванай клінічнай бальніцы:

"Чалавек хоча атрымаць ідэальны зрок пры вельмі дрэннай паталогіі. Зараз мы камбінуем замену крышталіка з наступным этапам - шліфоўкай рагавіцы лазерам - і атрымліваем практычна ідэальную оптыку вока. Яшчэ летась гэта было нерэальна і немагчыма для нашай вобласці".

Тут лечаць і бытавыя траўмы вачэй, пранікальныя раненні, дэфармацыю рагавіцы і скажэнне оптыкі. Ёсць толькі адно абмежаванне. Гэта ўзрост – ад 20 да 40 гадоў. Поўнае аднаўленне зроку займае ад аднаго дня да паўгода. Усё залежыць ад узросту і індывідуальных асаблівасцяў. У пацыентах недахопу няма, ёсць нават невялікая чарга на карэкцыю. Дарэчы, кошт такой аперацыі ў Гомелі ў некалькі разоў ніжэйшы за аналагічныя паслугі за мяжой.