Фестываль рагавой музыкі ў Брэсце

21 мая 2016

Магія гуку. 25 салістаў і калектываў з Беларусі і Польшчы ў самым старым лесе Еўропы спаборнічалі ў ражковых трэлях. У Белавежскай Пушчы прайшоў першы міжнародны фестываль паляўнічай рагавой музыкі "Царская паляна". Аб тым, чаму музыка - гэта не толькі адпачынак, але і сродак камунікацыі, даведаемся з рэпартажу Аляксандры Красько.

Тое, што адбываецца на сцэне, не проста канцэрт. Гэта дыялог, расшыфраваць які можа толькі прафесійны паляўнічы. Кожная з мелодый абазначае пэўны сігнал. Напрыклад, збор паляўнічых або выклік ганчакоў, урачысты марш ці трывога - усяго больш за сотню пазыўных. Яны выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы і падчас самога палявання. Ёсць адмысловыя сігналы і для кожнай жывёлы.

Група "Бекас" адзіная ў Беларусі займаецца рагавой паляўнічай музыкай. У рэпертуары музыкантаў дзясяткі сігналаў. Аднак на асобным месцы мелодыя развітання з зубрам.

Мікалай Шаўчук, кіраўнік групы паляўнічай музыкі "Бекас":

“Гэта як даніна павагі зверу і развітанне з лесам, як бы чалавек просіць прабачэння, і ў гонар гэтага граюць сігналы”.

Музычны фестываль не абмежаваўся заяўленай тэматыкай, увабраўшы ў сябе розныя напрамкі паляўнічай культуры. У тым ліку і кухню. Акрамя экзатычных страў з дзічыны, на "Царскай паляне" можна было пакаштаваць традыцыйную паляўнічую страву - шурпу. Наварысты булён з мяса аленя альбо дзіка гатуецца менавіта ў лесе пасля ўдалага палявання.

На асобнай пляцоўцы праходзіла выстава паляўнічых сабак. Суддзі адзначалі ўдзельнікаў па ідэальным прыкусе, афарбоўцы, лініі спіны.

Заходнесібірская лайка Рыча - адна з пераможцаў. Яна афіцыйна прызнаная першай красуняй на выставе ў сваёй намінацыі, пра што сведчыць і спецыяльны дакумент з ацэнкай экстэр'еру.

Такім чынам, самы стары лес Еўропы вяртае свае забытыя традыцыі. Арганізатары і ўдзельнікі першага фестывалю "Царская паляна" ўпэўненыя: роўна праз год пушчанскія гушчары зноў напоўняцца магічнымі гукам. Першыя заяўкі на ўдзел ад еўрапейскіх каманд ужо паступаюць.