Штогод Браслаў пераўтвараецца ў своеасаблівую трансгранічную творчую пляцоўку

3 июня 2017

Штогод у пачатку лета Браслаў пераўтвараецца ў своеасаблівую трансгранічную творчую пляцоўку. Сюды на фестываль "Браслаўскія зарніцы" з’язджаюцца танцоры, спевакі і музыканты з розных куткоў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Латвіі і Эстоніі. Сёлетні форум - пяцідзесяты. За паўстагоддзя свята творчасці і сяброўства стала з’явай у культуры не толькі азёрнага краю, але і ўсёй Беларусі. Вольга Маслоўская пабывала на юбілейным фестывалі, танцавала на старажытнай брусчатцы, трымала ў руках рыцарскі меч і частавалася юшкай на кулінарным конкурсе.

Старэйшае пакаленне памятае, як на возеры Дрывяты дзейнічаў яхт-клуб, дзе пад наглядам інструктара кожны ахвотнік мог прайсціся пад парусам па воднай гладзі. Гэта месца было любімым для адпачынку не толькі ў мясцовых жыхароў. Сюды прыязджалі госці з Літвы, Польшчы, Расіі. Аднавіць традыцыі і рэалізаваць турыстычны патэнцыял рэгіёна - гэта мэта аб’яднала Браслаў і польскі бок у сумесным праекце.

Пакуль набылі 15 дзіцячых яхт і катар для трэнера, для іх размяшчэння пабудавалі ангар на беразе возера Дрывяты. Навучанне дзяцей будзе бясплатным. Яшчэ адным падарункам гораду да юбілею "Браслаўскіх зарніц" стала ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў гонар 50-годдзя свята. На працягу свайго існавання фестываль змяняў статус: раённы, абласны, рэспубліканскі і, нарэшце, міжнародны. За паўстагоддзя гэта свята народнай творчасці стала візіткай горада, а для суседзяў - добрай магчымасцю прадэманстраваць унікальную культуру рэгіёнаў.

Шэсце творчых калектываў, харавая асамблея, конкурс народных бытавых танцаў. Удзельнікаў сустракаюць стылізаваныя падворкі і рамесныя рады. Тым часам самы высокі пункт Браслава - Замкавую гару - аблюбавалі рыцары, каб вярнуць гасцей у ранняе Сярэднявечча. Свята гістарычнай рэканструкцыі "Меч Брачыслава" - першае ў гэтым сезоне ў Беларусі. Каб пачын быў добрым, сюды прыехалі самыя знакамітыя калектывы з усёй краіны.

Аматары гістарычнай рэканструкцыі напоўнілі шатры тагачаснымі прадметамі побыту, распалілі вогнішчы, адкрылі майстэрні і лаўкі, а гаспадыні частавалі старадаўнімі стравамі. Лучнікі дэманстравалі трапнасць стральбы, а воіны сышліся ў жорсткай сечы. Перамаглі сяброўства і любоў да гісторыі роднага краю.

Незабыўныя эмоцыі і глыбокі экскурс у нацыянальны каларыт. Менавіта такімі гасцям форуму запомняцца юбілейныя "Браслаўскія зарніцы".