Ёлачныя базары ў Гомельскай вобласці адкрыюцца 23 снежня

10 декабря 2016

Гандаль арганізаваны будзе на 120 стацыянарных пляцоўках абласнога цэнтра, у райцэнтрах і малых гарадах. Акрамя таго, запланаваны выязныя кірмашы у сельскай мясцовасці.

Што прапануюць гамяльчанам лясгасы, даведаўся Яўген Пабалавец. У Буда-Кашалёўскім лясгасе ўжо пачалі нарыхтоўку ёлак на продаж. Усяго плануецца ссячы тры тысячы дрэў. Спецыялісты ўпэўніваюць: усе яны будуць прададзены. Тым больш што кошт  вельмі прывабны.

Гэта адпускныя цэны. На кірмашах да гэтага кошту дададуць выдаткі на перавозку дрэў, таму найбольш танна набыць навагодняе дрэва непасрэдна ў лясгасе. Ёлкі і сосны на кірмашы выбіраюць па некалькіх параметрах – яны павінны быць пышнымі і сіметрычнымі з абодвух бакоў.

Самы вялікі кошт на ёлкі ў кадках - 22 з паловай рублі. Пры гэтым купіць іх можна ўжо зараз, не чакаючы ёлачных кірмашоў, ва ўсіх лясгасах вобласці. А самы бюджэтны варыянт - ёлачныя або сасновыя букеты. Каштуе такое ўпрыгажэнне крыху больш за 2 рублі. Грунтоўна гомельскія лясгасы падрыхтаваліся і да сустрэчы з ёлачнымі браканьерамі. У пераднавагоднія дні сваю рэйдавую дзейнасць ўзмоцняць аддзелы аховы лесу.

Вось гэта - мабільная фотапастка. Яна рэагуе на любы рух нават у цёмны час сутак. Праз лічаныя імгненні фотаздымак у выглядзе ммс трапляе на мабільнае прыстасаванне работніка лясной гаспадаркі. Такія фотапасткі ўсталёўваюцца, як правіла, у месцах найбольш верагоднага з'яўлення парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства.

Паводле статыстыкі, ёлачных браканьераў з кожным годам становіцца менш. У Буда-Кашалёўскім лясгасе сёлета было затрымана ўсяго два парушальнікі. Пакінуць лес незаўважаным нават з адной ёлкай зараз практычна немагчыма. Ды і купіць навагоднюю прыгажуню законна - прыкладна ў сто разоў больш танна. Усяго лясгасы Гомельскай вобласці да навагодніх свят нарыхтавалі больш за 10 з паловай тысяч жывых ёлак і хвой.