Дзяўчынка з Кобрынскага раёна стварыла буквар з міфічнымі персанажамі

12 мая 2018

Колькі багоў налічвалася ў старабеларускім пантэоне? Як яны выглядалі і якімі рысамі былі надзелены? Усё пра гэта ведае падлетак з Кобрынскага раёна Марыя Шульская. Дзяўчынка нават стварыла буквар з міфічнымі персанажамі.

Старонкі незвычайнага выдання пагартала Вікторыя Патоня. Марыю Шульскую прыцягваюць таямніцы, гісторыя, казкі. Яна шмат чытае і цікавіцца міфалогіяй. І ўжо дакладна вывучыла ўкраінскіх бажкоў, славянскі і егіпецкі пантэоны. Любімы бог Анубіс – з галавой шакала і чалавечым целам. Чатыры гады таму разам з бацькамі дзяўчына пераехала ў Беларусь з Адэскай вобласці. На другой радзіме таксама стала дапытвацца, у каго ж верылі нашы продкі?

Маша не горш за энцыклапедыю расказвае пра бога Тура, які дапамагае паляўнічым. Хто такі беларускі бажок Ох, як выглядалі Лазнік і вадзяныя духі Азярніцы? Ведае і пра купальскага дзядка, які меў здольнасць бачыць чароўную папараць-кветку.

Так у Марыі Шульскай з’явілася ідэя сабраць усіх міфічных істот старажытных беларусаў у адну кнігу і стварыць буквар для дзяцей. Інфармацыю дзяўчына збірала па даведніках, энцыклапедыях і ў інтэрнэце.

У выніку амаль гадавой працы атрымаўся вось такі міфалагічны буквар. Выданне пакуль надрукавана ў 10-ці экзэмплярах. Стылізаванае пад даўніну: старонкі нібыта з ільняной тканіны, упрыгожаны арнаментам. У кнізе сабраны пантэон старабеларускіх багоў: ад а да я.

Як выглядалі міфічныя персанажы, часцей прыходзілася дадумваць самастойна. Ідэю Машы падтрымалі бібліятэкары і педагог Алёна Сіняк. Дзяўчына вучыцца на мастака-афарміцеля ў Кобрынскім політэхнічным каледжы.

У буквар уключаны самыя распаўсюджаныя істоты з беларускай міфалогіі. Аўтар прызнаецца: гэта толькі частка загадкавага свету продкаў.

Незвычайную распрацоўку Марыі Шульскай заўважылі падчас акцыі "100 ідэй для Беларусі". Магчыма, праект будзе мець працяг. Але без сур’ёзнай падтрымкі не абысціся. Аўтар жа прызнаецца: беларускі фальклор і традыцыі багатыя і маюць глыбокія карані.