Дайджэст падзей Віцебска

4 мая 2019

Віцебскі медуніверсітэт - у прэстыжным міжнародным рэйтынгу! У якасці альма-матэр ВНУ выбіраюць не толькі беларускія, але і  замежныя студэнты. Тым часам госці з іншых краін свету змогуць без візы прыехаць летам у Віцебск на Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”. Горад ва ўсю рыхтуецца да музычнага форуму. Прыгажосці абласному цэнтру дадаюць  квітнеючыя сады - і ўпершыню ў Віцебску зацвіла сакура. Падрабязнасці - у нашым дайджэсце.

Расказвае Вольга Маслоўская.

Віцебскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт - адзіны з ВНУ Беларусі ўвайшоў у рэйтынг Times Higher Education 2019. Універсітэт заняў пазіцыю 301+, падзяліўшы яе з японскім Акаяма, Расійскім МДТУ імя Баўмана і універсітэтам Ганы. Ацэньваліся паказчыкі маштабаў дзейнасці ўстановы, менеджменту, даследаванняў і дасягненні Мэт ўстойлівага развіцця ААН. Усяго ў рэйтынгу ўдзельнічалі 462  вышэйшыя навучальныя ўстановы з 76-ці краін. Лепшым прызнаны Універсітэт Окленда (Новая Зеландыя). Рэйтынг Times Higher Education выпускаецца з 2004 года аднайменным брытанскім часопісам. Гэта адзін з трох найбольш аўтарытэтных выдаўцоў міжнародных рэйтынгаў ВНУ.

Замежныя госці "Славянскага базару" змогуць прыехаць на Міжнародны форум мастацтваў без візы. Каб перасекчы мяжу, спатрэбіцца пашпарт і квіток на фестывальнае мерапрыемства.

Бязвізавы ўезд будзе адкрыты ў міжнародных пунктах пропуску з першага па дваццатага ліпеня. У ліку самых запатрабаваных - квіткі на канцэрты адкрыцця і закрыцця “Славянскага базару”, “Залаты хіт”, сольныя выступленні зорак. Вялікая праграма ў фармаце "опэн-эйр" пройдзе на плошчы Перамогі. Таксама гасцей чакаюць сустрэчы з вядомымі акцёрамі на сцэне тэатра імя Якуба Коласа, вялікую праграму рыхтуюць лялечныя тэатры, сярод навінак фестывалю - шоу-праграмы на лёдзе.

Сёлета ў дарослым конкурсе "Славянскага базару" прадстаўлена 18 краін. У дзіцячым - дваццаць адна. Упершыню на музычныя спаборніцтвы ў Віцебск прыедуць удзельнікі з Індыі, Кітая і Швейцарыі.

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа - прэм’ера. Пастаноўку малавядомай п'есы Франсуазы Саган ажыццявіла малады беларускі рэжысёр Дар'я Марчанка. Летась  яна стала адной з пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу рэжысёрскіх работ, які праводзіла Міністэрства культуры Беларусі, чым і заваявала права пастаноўкі на коласаўскай сцэне. Спектакль атрымаў назву "Скрыпкі часам вядуць да вар'яцтва". А пераклад на беларускую мову п'есы Саган зрабіў Пятро Ламан.

У Віцебску ўпершыню зацвіла японская сакура. Гэтая далёкаўсходняя расліна з'явілася ў батанічным садзе Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава мінулай вясной. Два саджанцы высадзілі 27 мая. Расліны добра перазімавалі і ўжо ў сваю першую вясну зацвілі. Калі не перашкодзяць абяцаныя сіноптыкамі начныя замаразкі, то жыхары абласнога цэнтра змогуць любавацца бутонамі на працягу двух тыдняў.

Зараз батанічны сад - месца багатага цвіцення розных дрэў, кустоў і кветак. Дарэчы, у Віцебску сабрана другая па велічыні ў Беларусі калекцыя жывых раслін - усяго 2,5 тысячы назваў.