Дайджэст падзей Гродзенскай вобласці

15 июня 2019

У Гродзенскай вобласці актыўна вядзецца падрыхтоўка да перапісу насельніцтва. Зладжанасць падраздзяленняў інжынерных войскаў краін СНД праверылі ў Прынёманні. І студэнцкія працоўныя атрады з абласнога цэнтра ўпершыню адправяцца ў Малдову. Пра гэтыя і іншыя цікавыя падзеі Гродзенскай вобласці – далей у дайджэсце.

У Гродзенскай вобласці актыўна рыхтуюцца да перапісу насельніцтва. Маштабная кампанія пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку 2019 года. Зараз у рэгіёне вядзецца падбор кадраў з ліку работнікаў устаноў і арганізацый вобласці, а таксама студэнцкай моладзі. Усяго плануецца задзейнічаць звыш 1300 чалавек. Да першага верасня будзе поўнасцю сфарміраваны штат часовага персаналу.

Практычную зладжанасць вайсковых інжынерных злучэнняў краін - членаў СНД упершыню праверылі ў Гродне. На палігоне пад абласным цэнтрам правялі манеўры вайскоўцы з Беларусі, Расіі і Казахстана. Гасцям прадэманстравалі сучасныя сродкі інжынернага забеспячэння, якія выпускаюцца ў нашай краіне. У абласным цэнтры таксама прайшоў каардынацыйны камітэт з удзелам прадстаўнікоў інжынерных войскаў краін СНД. На ім абмяркоўваліся пытанні сумеснай падрыхтоўкі вайсковых кадраў.

У Гродне адкрылі адноўлены будынак абласной філармоніі. Рамонтныя работы тут вяліся на працягу амаль сямі гадоў. У выніку такой сучаснай базы і канцэртнай залы, якая маштабамі набліжаецца да лепшых еўрапейскіх пляцовак, не мае ні адзін абласны цэнтр краіны. Тут усталявана мадэрнізаваная светлавая і гукавая апаратура. Ідэальную акустыку забяспечваюць унікальныя для нашай краіны гукавыя панэлі. 

Гродзенскія студэнты ўпершыню адправяцца на працу ў Малдову. У рэгіёне ўжо сфарміраваны сельскагаспадарчы атрад, які будзе задзейнічаны на ўборцы ўраджаю ў паўднёвай рэспубліцы. Маладыя людзі будуць збіраць персікі, слівы і вінаград. Чакаецца, што іх працоўны семестр працягнецца амаль месяц.

У вольны ад працы час моладзі прапануюць забаўную праграму. Будуць арганізаваны шматлікія спартыўныя і інтэлектуальныя турніры.