Дайджэст падзей Брэсцкага рэгіёна

22 апреля 2017

Адзіны ў Беларусі круізны цеплаход ужо на наступным тыдні прыме першых турыстаў. Падарожжа будзе доўжыцца 8 дзён па сістэме “ўсё ўключана”. У Брэст з’ехаліся найлепшыя энергетыкі вобласці, каб паспаборнічаць у прафесійным майстэрстве. А Беларуская федэрацыя па хакеі атрымала ў падарунак самыя рарытэтныя канькі краіны. Больш падрабязна – у нашым дайджэсце.

Расказвае Вікторыя Патоня: Сем футаў пад кілем! Пінскія рачнікі першымі ў краіне ажыццявілі амбіцыёзны праект – пабудавалі круізны цеплаход. Ужо ў наступную суботу карабель прыме на борт першых турыстаў. Падарожжа працягласцю паўтысячы кіламетраў ад Брэста да Мазыра будзе доўжыцца 8 дзён па сістэме “ўсё ўключана”. Турыстаў чакаюць не толькі водныя прагулкі па прыпяцкім Палессі, а і разнастайная экскурсійная праграма на сушы. Плануецца 10 прыпынкаў. Узровень камфортнасці вызначаецца апартаментамі. Самыя дарагія – дзве каюты класа люкс, аформленыя ў этнічным стылі.

Як аператыўна замяніць пашкоджаную апору, патушыць пажар падчас аварый на лініях электраперадачы і дапамагчы пацярпеўшаму ад удару токам. Пад Брэстам за званне найлепшага ў прафесіі змагаліся энергетыкі вобласці. Спаборніцтвы штогадовыя, але праводзяцца сярод розных брыгад. Сёлета майстэрства дэманстравалі электраманцёры. Пераможца прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе, які пройдзе ў чэрвені ў Віцебску.

Жыхары вёсак паблізу Белавежскай пушчы гулялі ў хакей яшчэ пяць стагоддзяў таму. Клюшкі выраблялі з ядлоўцу, а шайбу і канькі – з цвёрдых парод дрэў. Два рарытэтныя экспанаты, якім больш за стагоддзе, захоўваюцца ў нацыянальным парку, у музеі народнага побыту і старажытных рамёстваў. Знойдзены яны былі 4 гады таму падчас этнаграфічнай экспедыцыі па навакольных вёсках. Адзін з канькоў быў перададзены супрацоўнікам Федэрацыі хакея Беларусі. Яго ўжо ў маі прадставяць ў Кёльне, на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея.

Як падняць на дрэва борць сто кілаграмаў? Што адбываецца ў вуллІ? І ў чым сапраўднае майстэрства бортнікаў? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці на выставе польскага фатографа Кштыштафа Хейке ў Брэсце. Ён фатаграфаваў апошніх бортнікаў Палесся на працягу 10 гадоў. Унікальныя фотаздымкі адлюстроўваюць складанасць фактычна забытага рамяства і адкрываюць таямніцы прыроды.