Дайджэст падзей

14 мая 2016

Прачытаць твор Шылера з асабістымі паметкамі і ўбачыць кішэнную бібліятэку часоў Напалеона... Экспазіцыя старажытных і рэдкіх кніг размясцілася ў адной з залаў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева. За шклом выставачных вітрын - амаль 60 ўзораў кнігадрукавання пачатку XIX - сярэдзіны XX стагоддзяў на рускай, англійскай, французскай, нямецкай і арабскай мовах. Сустракаюцца і кнігі ручной працы, памер якіх 1,5 на 2 сантыметры. Большасць экспанатаў захавала экслібрысы - своеасаблівыя аўтографы былых карыстальнікаў, па якіх магчыма вызначыць першага гаспадара кнігі.

Пасля заняткаў — на выставу. Студэнты Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта паміж парамі могуць схадзіць не толькі ў бібліятэку ці буфет, могуць яшчэ і на цікавую экспазіцыю зазірнуць. Пляцоўкай, якая аб'ядноўвае лекараў душ і лекараў цела, стала фае лячэбна-тэарэтычнага корпуса. Менавіта тут выстаўляюцца работы віцебскіх мастакоў. Член Саюза мастакоў Беларусі Святлана Баранкоўская прадэманстравала свае габелены. У яе творах пануе дух старажытных паданняў і міфаў. Многія са студэнтаў упершыню ўбачылі тканыя карціны і пазнаёміліся з гэтым арыгінальным відам мастацтва. У сценах універсітэта гэта ўжо чацвёртая экспазіцыя, прысвечаная Году культуры. У планах арганізаваць і экспазіцыі сваіх таленавітых студэнтаў. Выставы, прысвечаныя Году культуры, будуць праходзіць у ВДМУ да канца 2016.

9 мая ў Магілёўскай вобласці стартаваў тыдзень беларускай кухні. З такой ідэяй выступіла ўпраўленне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама. Ён праводзіцца ўпершыню дзеля папулярызацыі беларускай кухні. Толькі ў Магілёве да акцыі далучыліся больш за два дзясяткі кафэ і рэстаранаў, але гэта тычыцца ўсёй вобласці, і ў тыдні беларускай кухні бярэ ўдзел спажывецкая кааперацыя. Усе ўстановы грамадскага харчавання, якія прапануюць беларускія стравы, пазначаны афішай. У меню ўваходзяць самыя розныя прысмакі - ад усімі любімых дранікаў да страў, рэцэпты якіх забыліся ў нашыя дні.

Больш за 50 кіламетраў па самых маляўнічых водных дарогах рэгіёна. У Брэсцкай вобласці прайшоў Міжнародны фестываль воднага турызму “Мотальская рэгата”. На працягу двух дзён аматары веславання на байдарках і каноэ з Беларусі і Украіны змагаліся за перамогу. Спаборніцтва праходзіла па турыстычных водных маршрутах Бярозаўскага і Іванаўскага раёнаў. Арганізатары разлічваюць, што “Мотальская рэгата” паспрыяе развіццю воднага турызму, і ў будучым стане такім жа рэгіянальным брэндам, як знакамітыя фестывалі “Мотальскія прысмакі” і “Спораўскія жарты”.