Дайджэст рэгіянальных навін

12 марта 2016

Унікальны том Бібліі ХІХ стагоддзя экспанаваны на выставе, прысвечанай Дню праваслаўнай кнігі ў Гомелі. Трохтомнік быў выпушчаны ў Санкт-Пецярбургу 150 гадоў таму. Усяго выдалі 100 экзэмпляраў. Кніга надрукавана спосабам вырабу клішэ, таму адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Біблія ўтрымлівае 230 гравюр знакамітага французскага мастака Гюстава Дарэ. Экспазіцыя таксама знаёміць са стваральнікам першай рускай друкаванай кнігі "Апостал" дыяканам Іванам Фёдаравым. А таксама з кнігамі, якія былі выпушчаны пры яго удзеле.

П'яро, вясёлыя клоўны і казачныя феі. У Віцебску - выстава аўтарскіх і вінтажных лялек - больш за 60 работ з калекцый розных майстроў. Характарныя інтэр'ерныя лялькі выкананы ў розных тэхніках і стылях. Навучыцца рабіць такія цацкі можа кожны. Ёсць нават спецыяльныя майстар-класы для дзяцей і дарослых. Акрамя аўтарскіх работ у выставачнай зале калекцыя вінтажных цацак 60 - 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Птушыны гарадок змайстравалі школьнікі з першай горацкай гімназіі. Штогод тут арганізуюць акцыю “Птушкі - на кармушкі”. Вучні малодшых класаў разам з бацькамі робяць птушыныя сталовыя, а потым развешваюць на тэрыторыі гімназіі. Сёлета нават паставілі своеасаблівы рэкорд - зрабілі 77 сталовых. Папяровыя, драўляныя, пластыкавыя - кожны сам вырашаў, якую кармушку рабіць.

Марскі бой у маштабе 1:200. У Гродне прайшлі абласныя спаборніцтвы па суднамадэльным спорце. Удзельнікі дэманстравалі вырабленыя дакладна па чарцяжах мадэлі. Праца над кожным караблём - грамадзянскім, ваенным ці падлодкі, займае каля года. Падчас іспытаў спускаюць на ваду, каб праверыць іх хадавыя якасці. Непасрэдна бітва лодак праходзіць у басейне. Згодна з заданнем, усе караблі павінны былі прайсці 50 метраў і трапіць у “вароты”. Абсалютная дакладнасць забяспечвала ўдзельнікам большую колькасць балаў.