Дайджэст навін краіны

31 октября 2015

У Столінскім раёне ў вёсцы Альманы прайшло адно з самых незвычайных святаў нашай краіны, прысвечанае галоўнаму сімвалу палешукоў - журавінам. Пачалося яно з тэатралізаванага шэсця, узначаліла якое Балотная Гаспадыня. Ля галоўнай сцэны разгарнуліся выставы вырабаў і кулінарных шэдэўраў з журавін.

У Магілёў прыйшла “Тураўская восень”. Кінатыдзень распачаў дакументальны фільм “Сцежка ў неба”, які зняў вучань знакамітага рэжысёра Віктара Турава Аляксандр Анісімаў. На творчую сустрэчу памяці майстра прыехалі кінааматары, акцёры і маладыя рэжысёры. Фільмаграфія Віктара Турава - а гэта 20 кінастужак - стала сапраўднай скарбніцай не проста беларускага - сусветнага кінематографа. Стужка “Праз могілкі” ўвайшла ў сотню лепшых фільмаў свету пра вайну.

У Гомелі прайшоў заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Сёлетнія інтэлектуальныя баталіі прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі. І пачаліся яны з патрыятычнай акцыі ля мемарыяльнага комплексу на Алеі герояў. Самі ж выпрабаванні прадугледжваюць два туры. Сачыненне і комплексная работа па рускай мове і літаратуры, а таксама творчыя конкурсы. Пераможцаў назавуць сёння.

Сталіца рыхтуецца да Новага года. У трэндзе 2016 - шары з ручным роспісам і гігантаманія. На паліцах гіпермаркетаў ужо з’явіліся святочныя гірлянды, сувеніры і ёлкі. А таксама галоўныя сімвалы наступнага года - малпы розных памераў і колераў. Бліжэй да свята адкрыюцца і калядныя кірмашы. Не абыдзецца без акцый, скідак і распродажаў.

А вось мабільны каток на Нямізе ўжо вітае аматараў актыўнага адпачынку. Лядовая пляцоўка пачала працаваць пасля паўгадовага перапынку. У дзень па 12 сеансаў катання. Спецыяльная халадзільная тэхніка зможа захоўваць неабходную тэмпературу на арэне нават у +20 градусаў.