Дайджэст навін Гомеля

29 апреля 2017

Якія легенды збіраюць у Гомелі да васьмісотсямідзесяціпяцігоддзя горада, як студэнты з Беларусі і Расіі змагаліся за перамогу ў псіхалагічнай алімпіядзе і хто стаў ратавальнікам года ў Гомельскай вобласці? Найбольш цікавыя падзеі рэгіёна - у Вольгі Халадовіч.

Яны не з'яўляюцца ратавальнікамі па прафесіі, але без роздумаў прыходзяць на дапамогу людзям. У Гомельскай вобласці падвялі вынікі конкурсу "Ратавальнік года". Сярод пераможцаў - 5 чалавек. Хтосьці выратаваў з палаючага дома сваіх суседзяў, хтосьці своечасова прыйшоў на дапамогу дзіцяці і яго бацьку, якія танулі. Паводле слоў саміх ратавальнікаў, у такія моманты не думаеш пра небяспеку, думаеш толькі пра тое, як дапамагчы чалавеку.

Анлайн-тэсты, псіхолага-педагагічныя казкі і тэатралізаваныя пастаноўкі. Студэнты вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі і Расіі прынялі ўдзел у псіхалагічнай алімпіядзе, якая прайшла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. За перамогу змагаліся 20 каманд. Лепшымі сталі гамяльчане. Дарэчы, акрамя студэнтаў у алімпіядзе ўдзельнічалі і школьнікі. Гэта старшакласнікі, якія плануюць вывучаць псіхалогію ў вышэйшых навучальных установах

Музей гісторыі Гомеля шукае гарадскія легенды. Акцыя па збіранні фальклору прымеркавана да васьмісотсямідзесяціпяцігоддзя абласнога цэнтра, якое будуць святкаваць сёлета. Самыя цікавыя паданні апублікуюць на сайце музея, а з цягам часу яны могуць стаць прадметам навуковых даследаванняў і папоўняць спіс нематэрыяльнай спадчыны горада.